Пошук

Біскуп Казімір Велікаселец Біскуп Казімір Велікаселец 

Ora et labora – гэтага дастаткова, аж да Неба

Ora et labora! – бадай, так трэба пачаць, калі пішаш пра біскупа Казіміра. Ён жыў паводле гэтага прынцыпу і заклікаў іншых – маліцца і працаваць.

Алена Германовіч - спецыяльна для Vatican News

Калі ён не маліўся, не цэлебраваў святую Імшу – то займаўся бясконцымі перапіскамі і ўзгадненнямі з чыноўнікамі з нагоды будаўніцтва новага касцёлу ў Гомелі. Грошай на будаўніцтва ніколі не хапала. Тады ён, маючы і 75+, і ўжо 80, сам сядаў за стырно і ехаў у Польшчу, праязджаў тысячы кіламетры, ад парафіі да парафіі, просячы дапамогі на новы касцёл.

Ён не быў нямоглы “стары”, гэта не пра яго. У 75 гадоў ён падцягваўся 15 разоў і быў дужым чалавекам. Аднойчы ён адвозіў сясцёр законных на вакзал на сваім аўто, я хацела дапамагчы ўкласці чамадан у багажнік, спрабавала і так, і так – чамадан не скранаўся з месца, ён нібы тону важыў. Біскуп паглядзеў на мяне трохі незадаволена, схапіў чамадан, нібы пярынку і закінуў у багажнік, лёгка і спрытна.

Мой муж часам дапамагаў яму ў розных адміністрацыйных справах. Біскуп нібыта “на знак прабачэння”, што ён нібы адрывае ў мяне мужа на пэўны час, перадаваў мне “камплімент” – заўсёды гэта быў малінавы сіроп і пакунак арэхаў. Што казаць, мне было прыемна. Калі цяпер я бачу ў краме на паліцы малінавы сіроп той самай папулярнай фірмы, што мне перадаваў біскуп – я нібы бачу яго перад сабой.

Я яго як і моцна паважала, так і трохі пабойвалася. Бо сядзіш так ціхенька, незаўважна перад Імшой у касцёле, “нікога не чапаеш”, аж ідзе біскуп і так рэзка: тыц! У рукі якую-небудзь навэнну на з дзясятак старонак, і так сурова: “Чытай!”. Чытаеш).

Ён не лятаў у аблоках, не быў такі “не ад свету гэтага”, ён быў у свеце, але не належаў яму. Біскуп разумеў, як цяжка прадрацца з будоўляй новага касцёлу праз бюракратычныя пасткі, пастаўленыя і тут і там, але ён ведаў сваю справу – дзе пахваліць, дзе кніжку якую падарыць, зробіць камплімент чарговай суровай “цётцы з насосам”, якая абклалася кодэксамі, нормамі, законамі, пастановамі і ўказамі і адтуль, са сваёй добра ўмацаванай крэпасці не бачыць аніякай неабходнасці падпісаць чарговы, соты, двухсоты дазвол на будаўніцтва касцёлу.

Біскуп атрымліваў сто адмоў, заўсёды чыноўнікі лічылі, што “гэта не так, і тое не так, пражывяце і без касцёла”. Ён не ўпадаў ні ў адчай, ні ў горыч ці роспач, маліўся, трымаў пост, думаў – і зноў ішоў у нябачную атаку не бюракратаў.

Быў у гэтым свеце, але не належаў да яго. Я неяк казала яму, што шмат часу марную ў інтэрнэце. Ён вельмі здзівіўся і зацікавіўся – бо ён шчыра не разумеў, як можна жыць, тупа марнуючы час, які дар Божы. Біскуп перапытаў: “У інтэрнэце? А раскажы – што ты там робіш, і што ты там глядзіш? Што там ёсць такога цікавага?”. Ну, не магла ж я хлусіць, што я там чытаю навэнны ці гляджу духоўныя фільмы – хоць і гэтага дастаткова ў інтэрнэце. Ён шчыра не разумеў – як можна піць алкаголь. “Ты піла алкаголь? Але як гэта? Навошта піць алкаголь? Ты хіба не ведаеш, што алкаголь ударае адразу ў галаву?”, - здзіўляўся ён, што чалавек у сваім глупстве можа сябе добраахвотна труціць ці ўвогуле забіваць.

“Тут мудрасць”, - напісана ў адной главе Адкрыцця ад святога Яна. Біскуп некалі служыў у адным з касцёлаў у Заходняй Беларусі. У каталіцкай традыцыі а 12.00 у касцёле гучаць званы, якія заклікаюць верных да малітвы “Анёл Панскі”. Гэтыя званы раздражнялі чыноўнікаў з мясцовага выканкаму. Як так? Званы?! Сярод белага дня, штодзень?! Свае прэтэнзіі яны выказалі біскупу. Але ён іх “залагодзіў”, кажа: “Але ж гэта для вас! Вы тут цяжка працуеце, і вось а 12 гучаць званы і нагадваюць, што час ужо і адпачыць, паабедаць”. Чыноўнікам было прыемна, яны супакоіліся.

Адзін з яскравых эпізодаў у маім жыцці – гэта як мы з мужам пахрысцілі невядомага нам да хросту хлопчыка. Біскуп быў бескампрамісны – проста ў адзін будні дзень падышоў да нас і сказаў так, нібыта “перадайце мне малітоўнік”: “У суботу каб а 9 вы былі ў касцёле!”, мы вылупілі вочы, маўляў, для чаго, а біскуп спакойна, будзённа сказаў: “Дзіця будзеце хрысціць”. Сто пытанняў – якое дзіця, чаму мы? Але біскуп не стаў нічога тлумачыць, сказаў – як адрэзаў, усё, ніякіх пытанняў. Мы і плакалі, і смяяліся, але ў суботу прыбраліся як маглі і пайшлі ў касцёл. Унізе стаялі такія ж, як мы, перапалоханыя бацькі таго дзіцяці. Мы пачалі знаёміцца. Аказалася, біскуп іх недзе знайшоў, сустрэў, і яны прызналіся, што паводле веравызнання яны католікі, толькі веру не практыкуюць, у касцёл не ходзяць і дзяцей не хрысцілі. Біскуп, як гаворыцца, доўга не думаў, і вырашыў гэтае пытанне вельмі хутка. А, нам яшчэ біскуп сказаў перад гэтым: “Ну што вам – хіба цяжка? Проста прыйдзеце ў суботу, пастаіце побач ды і ўсё!”. Ага, “ды і ўсё”, дзе там. Пасля Імшы біскуп вырашыў правесці Адарацыю, пасля Адарацыі – прачытаць навэнну да фацімскіх абвяшчэнняў. Але каб чытаць тую навэнну – біскуп вынес не паперку, а цэлую кнігу! Пасля навэнны быў ружанец). А пасля біскуп пачаў тлумачыць бацькам асновы веры, стварэнне свету і так далей. Калі ён сказаў павучальным голасам “Спачатку стварыў Бог неба і зямлю!” маё сэрца закалацілася, і я ўявіла, што да з’яўлення Хрыста яшчэ недзе 800 ці 900 старонак Старога Запавету, са ўсімі прарокамі і так далей. Пакуль дайшло і да “так далей”, я ледзь не самлела, а пачала млець адразу, як толькі пачула: “Спачатку стварыў Бог неба і зямлю”. Жартую.

Гэта не было “вы проста пастаіце побач”. Біскуп сказаў загадным тонам бацькам, што ў наступную нядзелю вы мусіце быць на Імшы, а дзеці вашы пасля Імшы мусяць быць на нядзельнай школе. І дадаў, што яшчэ дзеці мусяць пачаць падрыхтоўку да Першай камуніі. Тыя бацькі, мусяць, за галовы схапіліся: “Што, гэта яшчэ не канец, а пачатак? Мы проста хацелі пахрысціць дзяцей, нічога такога!”.

Многія парафіяне фыркалі ў касцёле, калі ў чарговы раз чулі ў пропаведзі біскупа Казіміра згадкі пра Лермантава ці “баранавіцкага пракурора, які напісаў у раённай газеце, што сярод вернікаў менш злачынцаў”, але ў гэтым усім было адзінае жаданне біскупа: як мага больш людзей прывесці да веры. Часам на пропаведзях ён быў ласкавы да людзей, і літаральна часам умольваў: “Верце, верце ў Бога, давярайце яму”.

Біскуп прыводзіў практычныя прыклады з жыцця: Адной жанчыне, якая працавала ў банку, прапанавалі пасаду дырэктара, бо яна была вельмі кампетэнтная і разумная. Але была ўмова – уступіць у камуністычную партыю. Жанчына не згадзілася, таму што была каталічкай і гэта было супраць яе поглядаў. Яе не паставілі дырэктарам, бо не пайшла ў партыю. Але зусім праз кароткі час СССР разваліўся і жанчына такі стала дырэктарам – паводле сваіх здольнасцяў і кампетэнцый. І чыстага сумлення, якое яна захавала.

Біскуп заклікаў людзей жыць так, каб стаць перад Богам з чыстым сумленнем. У ягоным выпадку напэўна (па-беларуску) так і адбылося, але хутчэй за ўсё – напэвно, па-польску, што азначае – дакладна, 100%.
 

09 лютага 2026, 11:55