Пошук

Біскуп Казімір Велікаселец падчас Імшы ў гомельскім касцёле Біскуп Казімір Велікаселец падчас Імшы ў гомельскім касцёле 

Памёр на пастырскім пасту: слова арцыбіскупа Кандрусевіча

Арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч дзеліцца асабістымі ўспамінамі пра шлях і служэнне памерлага біскупа Казіміра Велікасельца, з якім яго звязвала шматгадовае сяброўства, пачынаючы яшчэ з малітваў ля Вострай Брамы ў Вільнюсе.

У Пятую Звычайную нядзелю, 8 лютага 2026 г., адышоў да Пана дапаможны біскуп эмерыт Пінскай дыяцэзіі дамініканін Казімір Велікаселец.

Палескія карані веры

Божы Провід вызначыў яму складаны лёс. Нарадзіўся ён у 1945 годзе на Палессі ў вёсцы Старая Воля Пружанскага раёна ў каталіцкай сям’і з глыбокімі і моцнымі каранямі веры. Дзякуючы гэтаму, нягледзячы на адсутнасць святара, ён быў выхаваны ў духу традыцыйнага каталіцызму, што сфарміравала ў ім духоўны воблік будучага святара і біскупа.

Пасля службы ў войску паехаў у Вільнюс, дзе працаваў электразваршчыкам. Тады ў Вільнюсе дзейнічала 10 касцёлаў са сваімі душпастырамі, што дало яму новыя магчымасці рэгулярнага ўдзелу ў Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах.

Пакліканне ля Вострай Брамы

Так сталася, што ў тыя часы я таксама жыў і працаваў у Вільнюсе, і мы маліліся ў тым самым касцёле святой Тэрэзы Авільскай пры Вострай Браме. Мы бачылі адзін аднаго на набажэнствах, хоць і не ведалі, хто ёсць хто.

Паводле слоў біскупа Казіміра, аднойчы, выходзячы з касцёла, мы адначасова абмакнулі пальцы ў крапільніцу з асвячонай вадой, каб перажагнацца. Гэта было сімвалічна, бо ў падножжа Маці Божай Міласэрнасці мы адчулі пакліканне да святарства, каб потым рэалізаваць яго на беларускай зямлі.

У тыя часы ваяўнічага атэізму ён тайна рыхтаваўся да святарства пад кіраўніцтвам ксяндза прэлата Вацлава Пянткоўскага ў Мядзведзічах. Потым, аднак, атрымаў дазвол, каб працягваць фармацыю ў Рыжскай духоўнай семінарыі. Падчас вучобы ён сустракаўся са мной, ужо як са святаром. Яму бракавала літаратуры, і я дзяліўся з ім сваімі кнігамі, каб дапамагчы ў яго фармацыі.

Супольная праца на ніве Пана

Пасля яго прэзбітэрскага пасвячэння ў 1984 годзе мы сустракаліся рэдка, бо працавалі далёка адзін ад аднаго. Аднак я шмат добрага чуў пра яго як пра адданага пастыра, будаўніка жывога Касцёла і змагара за правы вернікаў.

Пасля майго вяртання з Расіі ў Беларусь у 2007 годзе нашыя сустрэчы сталі частымі. Размаўляючы і працуючы з ім, было бачна, што ён жыў праблемамі Касцёла і іх вырашэнню прысвячаў усё сваё жыццё. Калі ў 2011 годзе я быў прызначаны апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, наша супрацоўніцтва стала яшчэ больш шчыльным. Я ахвотна даручаў яму розныя пастырскія і адміністрацыйныя заданні.

Святар паводле Сэрца Езуса

Памерлы Уладыка праявіў сябе як пастыр паводле Сэрца Езуса. Ён пакінуў пасля сябе глыбокі след: пабудаваў і аднавіў шмат касцёлаў, клапаціўся пра пакліканні, праводзіў рэкалекцыі. Яго казанні былі напоўнены маральна здаровым вучэннем і крылатымі выслоўямі святых.

Ён адзначаўся эўхарыстычнай пабожнасцю, сціпласцю і пакорай. Адным словам, быў “соллю зямлі і святлом свету”, як кажа Езус у Евангеллі на Пятую Звычайную нядзелю. Усім гэтым ён заслужыў вялікі аўтарытэт сярод вернікаў, святароў і дзяржаўнай улады.

Апошняя споведзь

Божы Провід так распарадзіўся, што біскуп Казімір адышоў па нябесную ўзнагароду ў пабудаванай ім капліцы ў Гомелі. Раніцай 8 лютага 2026 года ён цэлебраваў Імшу, потым сам прыехаў у капліцу, пачаў спавядаць – і яму стала дрэнна. Яго марай было пабудаваць касцёл у Гомелі, і завяршэнне гэтай будовы застаецца заданнем для ўвекавечання яго памяці.

Яго смерць падчас споведзі вельмі сімвалічная. Папа Бэнэдыкт XVI казаў, што святар павінен быць спецыялістам па спатканні чалавека з Богам. Светлай памяці біскуп Казімір да апошняй хвіліны жыцця рэалізоўваў гэтае пакліканне. Няхай Маці Божая Міласэрнасці прывядзе яго да спаткання з Богам у краіне вечнага шчасця.
 

09 лютага 2026, 09:34