Леў XIV прыняў прэзідэнта Лівана ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
20 жніўня 2026 года ў Апостальскім палацы Ватыкана Папа прыняў на аўдыенцыі кіраўніка Ліванскай Рэспублікі Жазэфа Ауна. Затым палітык сустрэўся з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Падчас сардэчнай размовы ў Дзяржаўным сакратарыяце абмяркоўвалася трохбаковае рамачнае пагадненне, падпісанае Злучанымі Штатамі Амерыкі, Ізраілем і Ліванам. Яно прадугледжвае стабілізацыю паўднёвых меж Ліванскай Рэспублікі і дасягненне справядлівага і трывалага міру.
Прадстаўнікі Святога Пасада выказалі задавальненне ў сувязі з падпісаннем дакумента, аднак адзначылі сур’ёзную занепакоенасць цяжкасцямі, якія ўзнікаюць пры яго выкананні. Яны таксама запэўнілі ў падтрымцы намаганняў, скіраваных на рэалізацыю пагаднення.