Рэліквія святой Агаты Рэліквія святой Агаты 

Паралін: укаранёныя ў Пане, мы здольныя пераадольваць выпрабаванні

Кардынал-дзяржсакратар заклікаў вернікаў заставацца ўкаранёнымі ў Богу, каб з верай пераадольваць выпрабаванні і прыносіць плён. Ён узначаліў малітоўнае чуванне з нагоды 900-годдзя вяртання рэліквій святой Агаты ў Катанію.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Увечары 16 жніўня 2026 года папскі легат прыняў удзел у малітоўным чуванні ў Ачы-Кастэла на Сіцыліі. Менавіта сюды дзевяць стагоддзяў таму морам былі прывезеныя рэліквіі святой Агаты. Парэшткі святой, закатаванай у III стагоддзі за адмову адрачыся ад веры, першапачаткова захоўваліся ў Катаніі, але ў XI стагоддзі былі вывезеныя ў Канстанцінопаль. Праз 86 гадоў рэліквіі вярнуліся на Сіцылію: 17 жніўня 1126 года іх урачыста перанеслі ў Катанію. У 2026 годзе адзначаецца 900-годдзе гэтага вяртання.

Сведчанне вернасці Хрысту

У гаміліі кардынал Паралін падкрэсліў, што прыклад святой Агаты працягвае прамаўляць да Касцёла. Жыццё мучаніцы было плённым, таму што яна заўсёды заставалася злучанай з Богам. Ён нагадаў, што чалавек, укаранёны ў Пане, можа прайсці нават праз самыя цяжкія выпрабаванні, не губляючы надзеі і працягваючы прыносіць плён.

Як напісаў Папа ў лісце да свайго легата, “у мучаніцтве святой Агаты, слаўным прыкладзе вернасці Хрысту і поўнай самаахвярнасці з любові, касцельная супольнасць сузірае перамогу ласкі над гвалтам, веры над страхам і любові над смерцю”. 

Вера не пазбаўляе ад выпрабаванняў, але дае моц для іх пераадолення

Разважаючы над першым псальмам, прачытаным падчас чування, кардынал Паралін падкрэсліў, што справядлівыя не пазбаўленыя ад пакут, аб чым сведчыць жыццё святой Агаты. “Вера не вызваляе ад выпрабаванняў, але дае адчуванне новай прысутнасці і моц, каб пераадолець іх”, - зазначыў ён. “Пан ведае шляхі Сваіх дзяцей, суправаджае іх крокі і ператварае раны ў месца ласкі”, - сказаў іерарх.

Кардынал Паралін дадаў, што ў жыцці кожнага чалавека адбываецца барацьба паміж голасам Бога, які вядзе да жыцця, і шматлікімі іншымі галасамі, здольнымі аддаліць чалавека ад Яго. Зло часта прыходзіць непрыкметна, “маленькімі крокамі”, як звычкі, якія павольна змяняюць сэрца і спосаб мыслення чалавека. Так чалавек можа прызвычаіцца жыць без Бога, як быццам Бог не патрэбны. “Мы больш не турбуемся аб тым, каб адмаўляць Бога, а жывем так, быццам Бога не існуе”, - заўважыў папскі легат, адзначыўшы, што так жывуць многія сучаснікі.

Слова Божае вядзе да свабоды

Дзяржсакратар падкрэсліў, што чалавек, які “знаходзіць сваю радасць у законе Пана”, ведае, адкуль чэрпаць сваё жыццё. Для яго Слова Божае – не цяжар, ​​а крыніца, не абмежаванне свабоды, а шлях, які вядзе да сапраўднай свабоды. Разважаючы над ім, чалавек можа лепш зразумець уласны жыццёвы шлях. Святое Пісанне становіцца “люстэркам, у якім мы пазнаём сваё жыццё”, і голасам, які прымушае спытаць сябе: “Якім шляхам я іду? Якія словы накіроўваюць маё сэрца? Дзе я шукаю сваё шчасце?”

Кардынал Паралін звярнуў увагу на параўнанне справядлівага чалавека з дрэвам, пасаджаным каля водных плыняў. Такое дрэва прыносіць плён, таму што мае глыбокія карані, якія дасягаюць крыніцы і чэрпаюць з яе моц. Святая Агата з’яўляецца прыкладам такога “укаранёнага ў Богу жыцця”, якое не вяне, але працягвае з цягам часу прыносіць плён надзеі. Напрыканцы гаміліі іерарх заклікаў вернікаў “заставацца трывалымі ў Пане” і прасіць Яго зрабіць іх людзьмі з глыбокімі каранямі, здольнымі не паддавацца вятрам страху, моды і ілюзій, але знаходзіць у Божым Слове крыніцу свайго жыцця.

Пасля ўшанавання ў Ачы-Кастэла рэліквіі мучаніцы вернуцца ў Катанію, дзе ўвечары 17 жніўня адбудзецца ўрачыстая літургія, з удзелам кардынала Параліна, арцыбіскупаў і біскупаў Сіцыліі і іншых італьянскіх дыяцэзій, а таксама біскупа дыяцэзіі Сан-Марына-Монтэфельтра, нябеснай апякункай якой з’яўляецца святая Агата.

 

17 жніўня 2026, 11:23