Пошук

Святая Агата Святая Агата 

Папа: у святой Агаце мы сузіраем перамогу любові над смерцю

Леў XIV прызначыў кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна сваім легатам на ўрачыстасці, якія пройдуць 16-17 жніўня 2026 года з нагоды 900-годдзя вяртання рэліквій святой мучаніцы Агаты ў Катанію.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У мучаніцтве святой Агаты, слаўным прыкладзе вернасці Хрысту і поўнай самаахвярнасці з любові, касцельная супольнасць сузірае перамогу ласкі над гвалтам, веры над страхам і любові над смерцю”, - напісаў Папа ў лісце, які 8 жніўня 2026 года накіраваў свайму найбліжэйшаму супрацоўніку і спецыяльнаму пасланніку на ўрачыстасці.

Па словах Льва XIV, святая Агата, якая прыняла мучаніцкую смерць, але не адраклася ад веры падчас антыхрысціянскага пераследу ў III стагоддзі, стала ўдзельніцай Пасхі Хрыста і ззяе як “сведчанне святла і сілы, якую Пан улівае ў тых, хто застаецца непахісным падчас спакус і выпрабаванняў”.

Пантыфік назваў “цалкам заканамерным, што Катанія лічыць святую Агату сваёй апякункай і духоўнай маці”, бачачы ў ёй “жывую прысутнасць, якая захоўвае хрысціянскую памяць народа, вядзе яго да жыцця згодна з Евангеллем, а таксама заклікае да надзеі і любові”. Яе прыклад “ўмацоўвае ў верніках усведамленне таго, што Касцёл, які пілігрымуе на зямлі, падтрымліваецца заступніцтвам і прыкладам тых, хто ўжо стаў удзельнікам нябеснай славы”, - дадаў Святы Айцец.

Леў XIV запэўніў у сваёй блізкасці Касцёл у Катаніі і ў малітве аб тым, каб праз заступніцтва святой Агаты мясцовыя вернікі змаглі атрымаць багатыя духоўныя плёны падчас урачыстасцей.

Пасля смерці святой Агаты ў Катаніі ў III стагоддзі яе рэліквіі заставаліся ў горадзе, але ў 1040 годзе візантыйскі палкаводзец Георгій Маніак вывез іх у Канстанцінопаль. Там яны знаходзіліся амаль 86 гадоў. 17 жніўня 1126 года рэліквіі былі вернутыя ў Катанію двума салдатамі, якія, паводле традыцыі, таемна вывезлі іх з Канстанцінопаля. 900-годдзе гэтага вяртання адзначаецца ў 2026 годзе.
 

08 жніўня 2026, 13:11