Кардынал Паралін заклікаў у Гватэмале да дыпламатыі дыялогу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас сустрэчы з дыпламатычным корпусам у апостальскай нунцыятуры ў Гватэмале 3 жніўня 2026 года кардынал П'етра Паралін заклікаў сусветную супольнасць адмовіцца ад ціску на карысць паразумення.
Дзяржаўны сакратар выказаў занепакоенасць тым, што прынцыпы згоды замяняюцца моцай асобных дзеячаў або саюзаў. Ён падкрэсліў, што права на свабоду слова, сумлення, рэлігіі і нават самае жыццё абмяжоўваюцца ў імя іншых нібыта правоў. "Сама сістэма правоў чалавека страчвае сваю жыццёвасць, саступаючы месца ідэалогіі, сіле і прыгнёту", - канстатаваў пурпурат.
Асаблівасць ватыканскай дыпламатыі
Пурпурат нагадаў пра асаблівасць дыпламатычнай місіі Святога Пасада, якая не адстойвае эканамічныя ці стратэгічныя інтарэсы. Паводле яго слоў, ватыканская дыпламатыя заўсёды імкнецца паставіць у цэнтр чалавечую асобу, прапануючы маральны і духоўны ўнёсак з Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла.
Супрацьстаяць сучасным выклікам трэба "без наіўнага энтузіязму або бясплённых страхаў". Сярод ключавых крытэрыяў супольнага клопату кардынал назваў годнасць асобы, увагу да бедных, беражлівае стаўленне да стварэння і мір.
Плённае супрацоўніцтва і падзяка за дыялог
Паралін адзначыў, што Святы Пасад знайшоў у Гватэмале суразмоўцу, адкрытага да дыялогу і чуллівага да асноўных каштоўнасцей грамадскага сужыцця. Багатая спадчына карэнных народаў дапамагае будаваць інклюзіўнае і салідарнае грамадства.
Дзяржаўны сакратар выказаў удзячнасць уладам краіны, дыпламатам і мясцоваму Касцёлу за шматгадовае плённае супрацоўніцтва, Ён падкрэсліў важнасць абароны жыцця, свабоды і выхавання новых пакаленняў.