Пошук

Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы ў катэдры Гватэмалы Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы ў катэдры Гватэмалы 

Святы Пасад – Гватэмала: 90-годдзе сувязей і візіт Параліна

Кардынал П’етра Паралін з 1 па 4 жніўня 2026 года знаходзіцца з візітам у Гватэмале да 90-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін з Апостальскай Сталіцай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У нядзелю 2 жніўня 2026 года найбліжэйшы супрацоўнік Папы ўзначаліў Імшу ў катэдры Гватэмалы. Іерарх таксама бярэ ўдзел як прамоўца ў Нацыянальнай сустрэчы духавенства, якую з 3 па 5 жніўня 2026 года арганізуе мясцовы епіскапат.

Паездка звязана таксама з падрыхтоўкай да беатыфікацыі францішканскага мучаніка айца Аўгуста Рафаэля Рамірэса Манастэрыё. Урачыстасць адбудзецца 7 лістапада 2026 года ў Гватэмале, дзе святар быў выкрадзены і забіты 7 лістапада 1883 года на мосце "El Incienso".

Дыпламатычныя сувязі паміж Апостальскай Сталіцай і Гватэмалай сягаюць 1936 года, калі Папа Пій XI заснаваў тут апостальскую нунцыятуру.

Падчас Імшы ў катэдры Гватэмалы
Падчас Імшы ў катэдры Гватэмалы   (ANSA)

Гісторыя Каталіцкага Касцёла ў краіне прайшла праз складаныя часы пераследу, асабліва падчас грамадзянскай вайны 1960-1996 гадоў, калі ад гвалту пакутавала шмат духавенства, вернікаў і асабліва прадстаўнікоў народа мая. Балючай старонкай стала забойства біскупа Хуана Херардзі Канэдэры 26 красавіка 1998 года.

Касцёл адыграў істотную ролю ў дасягненні міру, а Канферэнцыя Біскупаў удзельнічала ў пасрэдніцкіх ініцыятывах. Вялікае значэнне мелі візіты ў Гватэмалу святога Яна Паўла II у 1983, 1996 і 2002 гадах.

Дыялог на вышэйшым узроўні атрымаў новы імпульс 11 кастрычніка 2025 года, калі прэзідэнт Бернарда Арэвала сустрэўся ў Ватыкане з Папам Львом XIV і кардыналам П’етра Паралінам. Падчас той сустрэчы бакі абмеркавалі барацьбу з карупцыяй і сацыяльныя выклікі, якія стаяць перад краінай.

Цяперашні візіт Дзяржсакратара Яго Святасці падкрэслівае трывалую сувязь паміж Апостальскай Сталіцай і Касцёлам у Гватэмале. Ён таксама служыць сведчаннем глыбокай пашаны да тых, хто аддаў жыццё за Евангелле і прымірэнне ў рэгіёне.
 

03 жніўня 2026, 09:24