Пошук

Кардынал Джордж Коавакад падчас візіту ў Карэю Кардынал Джордж Коавакад падчас візіту ў Карэю  (ANSA)

Кардынал Коавакад у Карэі: дыялог дзеля большай гармоніі ў свеце

Міжрэлігійны дыялог прадугледжвае захаванне сваёй веры, дазваляючы пры гэтым кожнай традыцыі ставіць пытанні, узбагачаць і пашыраць гарызонт адзін аднаго, - падкрэсліў кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу прыняў удзел у першым афіцыйным хрысціянска-канфуцыянскім калоквіуме, які праходзіць 4–5 жніўня 2026 года ў езуіцкім Універсітэце Саган у Сеуле, сталіцы Паўднёвай Карэі. У межах форуму хрысціянскія і канфуцыянскія лідары, навукоўцы і эксперты абмяркоўваюць, як дзве традыцыі могуць разам спрыяць пабудове больш справядлівага, мірнага і чалавечнага грамадства.

На адкрыцці сустрэчы кардынал Джордж Коавакад адзначыў, што, хоць хрысціянства і канфуцыянства ўзніклі ў розных гістарычных і культурных умовах, яны маюць агульнае імкненне – дапамагаць чалавецтву будаваць мірнае, справядлівае і салідарнае грамадства.

Тэмай калоквіуму стала параўнанне двух ідэалаў: хрысціянскага бачання “Новага неба і Новай зямлі” і канфуцыянскага паняцця “Датун” – Вялікага Адзінства (Вялікай Гармоніі).

Ватыканскі іерарх растлумачыў, што абедзве ідэі нарадзіліся ў часы крызісаў. Канфуцыянская думка развівалася ў перыяд палітычных канфліктаў у старажытным Кітаі, калі людзі шукалі спосаб аднавіць парадак і гармонію ў грамадстве. Хрысціянскае бачанне Новага неба і Новай зямлі ўзнікла ў першых хрысціянскіх супольнасцях, якія перажывалі пераслед і няўпэўненасць у часы Рымскай імперыі.

Кардынал заўважыў, што, нягледзячы на адрозненні, абедзве традыцыі прапануюць людзям надзею: зло, гвалт і несправядлівасць не павінны мець апошняга слова – свет можна змяніць, калі людзі будуць імкнуцца да дабра.

Разам з тым іерарх падкрэсліў, што паміж хрысціянствам і канфуцыянствам існуюць важныя адрозненні. Для хрысціянства асновай перамянення свету з’яўляецца Бог і збаўчая дзейнасць Езуса Хрыста, а добрыя ўчынкі чалавека з’яўляюцца вынікам яго адносін з Богам. У канфуцыянскай традыцыі больш увагі надаецца чалавечаму выхаванню, маральнаму самаўдасканаленню, адукацыі, развіццю добрых адносін паміж людзьмі і адказнасці кіраўнікоў перад грамадствам.

Каштоўнасць дыялогу, паводле прэфекта, заключаецца менавіта ў тым, каб “захоўваць гэтыя адрозненні, дазваляючы пры гэтым кожнай традыцыі ставіць пытанні, узбагачаць і пашыраць гарызонт адзін аднаго”.

Кардынал Кувакад падкрэсліў, што сучасны свет сутыкаецца з вялікімі праблемамі: канфліктамі, няроўнасцю, падзеламі і стратай пачуцця агульнай адказнасці. Таму рэлігіі павінны дзяліцца сваёй духоўнай і маральнай мудрасцю, каб дапамагаць будаваць больш чалавечнае грамадства.

Ён завяршыў сваю прамову думкай пра тое, што сапраўдная гармонія не азначае адсутнасці адрозненняў. Як у музыцы розныя ноты ствараюць прыгожую мелодыю, так і людзі розных культур і перакананняў могуць разам будаваць супольнасць, заснаваную на павазе, сяброўстве і ўзаемным клопаце.

Касцёл “шчыра прызнае, што ўсе людзі, веруючыя і няверуючыя, павінны рабіць належны ўклад у будаўніцтва гэтага свету, у якім разам жывуць; а гэта не можа адбывацца без шчырага і мудрага дыялогу”, - нагадаў іерарх словы пастырскай канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабора пра Касцёл у сучасным свеце “Gaudium et spes”.
 

04 жніўня 2026, 12:16