Святы Пасад: першы хрысціянска-канфуцыянскі калёквіум у Карэі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Сустрэча пад назвай “Новае неба, новая зямля і Датун (Вялікая гармонія, Вялікае адзінства): Хрысціянска-канфуцыянскі дыялог дзеля пабудовы ідэальнага грамадства” пройдзе 4-5 жніўня 2026 года ў езуіцкім універсітэце Саган у Сеуле.
У калёквіуме прымуць удзел хрысціянскія і канфуцыянскія рэлігійныя лідары, навукоўцы і эксперты. Яны будуць абмяркоўваць, як дзве традыцыі могуць разам спрыяць пабудове больш справядлівага, мірнага і чалавечнага грамадства.
У сумесным прэс-рэлізе, апублікаваным 1 жніўня, падкрэсліваецца, што, нягледзячы на адрозненні ў веравучэнні і філасофіі паміж хрысціянствам і канфуцыянствам, “іх агульная ўвага да годнасці чалавека, маральнай цэласнасці, адказнага лідарства і агульнага дабра стварае трывалую аснову для плённага дыялогу”.
Адзначаецца, што падчас сустрэчы будуць абмеркаваны актуальныя выклікі сучаснасці, у тым ліку сацыяльная раздробленасць, маральная няпэўнасць, пагаршэнне стану навакольнага асяроддзя і пагрозы міру. Чакаецца, што калёквіум завершыцца заклікам да далейшага супрацоўніцтва паміж хрысціянамі і канфуцыянцамі ў сферах адукацыі, этычнага выхавання і будавання міру. Так будзе пакладзены пачатак працяглай традыцыі дыялогу паміж паслядоўнікамі гэтых дзвюх традыцый.