Пошук

Арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву падчас выступлення на кангрэсе SIGNIS 2026 Арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву падчас выступлення на кангрэсе SIGNIS 2026 

SIGNIS: ватыканскі іерарх пра евангелізацыю ў лічбавым свеце

Падчас Сусветнага кангрэса каталіцкіх медыя SIGNIS 2026 арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву заклікаў тых, хто абвяшчае Евангелле праз медыя, найперш быць вучнямі Хрыста, а ўжо потым шукаць бачнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сакратар Дыкастэрыі па евангелізацыі арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву стаў адным з галоўных дакладчыкаў першай пленарнай сесіі Сусветнага кангрэса каталіцкіх медыя SIGNIS 2026, прысвечанай лічбавай камунікацыі на карысць культурнай згоды і клопату пра навакольнае асяроддзе. Ён праходзіў 3-8 жніўня 2026 года ў сталіцы Руанды, горадзе Кігалі.

Іерарх адзначыў, што сёння чалавецтва стаіць перад выбарам: заставацца ў свеце шуму і падзелаў або разам будаваць супольнасць, у цэнтры якой будуць Бог і чалавек. Ён падкрэсліў, што свой унёсак у гэта могуць зрабіць і людзі, якія працуюць у медыя.

"Найперш трэба быць вучнем, а ўжо потым думаць пра тое, каб быць навідавоку", - сказаў арцыбіскуп. Паводле яго, менавіта з такой пазіцыі журналісты, аўтары і стваральнікі лічбавага кантэнту могуць стаць сапраўднымі сведкамі Евангелля.

У размове з “Vatican News” іерарх развіў гэтую думку. Ён адзначыў, што сёння місійны наказ Хрыста ахоплівае не толькі геаграфічныя межы. Побач з фізічнай прасторай існуе і лічбавы свет, дзе людзі сустракаюцца, абмяркоўваюць важныя пытанні і ствараюць супольнасці. Таму, паводле яго слоў, Добрая Навіна павінна прысутнічаць і ў Instagram, TikTok, YouTube ды на іншых платформах, дзе праходзіць значная частка сучаснага жыцця.

Пры гэтым задача каталіцкіх медыя не зводзіцца толькі да перадачы інфармацыі. Кожны артыкул, фотаздымак або відэа могуць дапамагаць будаваць еднасць, умацоўваць надзею і адкрываць шлях да сустрэчы з Хрыстом.

Звяртаючыся да маладых журналістаў і ўсіх, хто ўдзельнічае ў евангелізацыі праз медыя, арцыбіскуп Нвачукву сказаў: "Найперш фарміруйце свой розум, а ўжо потым сваю платформу". Ён падкрэсліў, што перш чым імкнуцца да ўплыву ў лічбавай прасторы, неабходна самому ўзрастаць у веры, чалавечай сталасці і адказнасці.

Таксама ватыканскі іерарх заклікаў не забываць пра клопат пра планету, адзначыўшы, што гэтая тэма таксама павінна знаходзіць месца ў матэрыялах каталіцкіх медыя.
 

10 жніўня 2026, 09:18