Папа: спрыяць камунікацыі на службе праўдзе і годнасці чалавека
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Сусветны кангрэс SIGNIS – каталіцкай арганізацыі, якая аб’ядноўвае работнікаў сферы камунікацыі з больш чым ста краін свету, – сёлета ўпершыню праводзіцца ў Афрыцы. Яго ўдзельнікі абмяркоўваюць, як захаваць чалавечы характар камунікацыі ў эпоху штучнага інтэлекту. Пантыфік запэўніў дэлегатаў у сваёй духоўнай блізкасці ў пасланні, падпісаным кардыналам-дзяржсакратаром П’етрам Паралінам.
“Нашу эпоху часта называюць лічбавай, паколькі значная частка нашага жыцця вызначаецца лічбавымі тэхналогіямі і інтэрнэтам. Сапраўды, у сваёй энцыкліцы “Magnifica humanitas” Яго Святасць падкрэслівае, што анлайн-камунікацыя – гэта не проста перадача інфармацыі, а стварэнне культуры, бо яна здольная фармаваць успрыманне свету людзьмі і тым самым глыбока ўплываць на калектыўную свядомасць. У сувязі з гэтым ён спадзяецца, што вашыя разважанні на тэму “Лічбавая камунікацыя дзеля культурнай гармоніі і экалагічнага дабрабыту” дапамогуць знайсці шляхі прасоўвання такіх камунікацыйных стратэгій і інструментаў, якія грунтуюцца на імкненні да праўды і павазе да чалавечай годнасці. Такім чынам, ваша праца паспрыяе фарміраванню культуры, якая адлюстроўвае евангельскія каштоўнасці еднасці, міру і адказнага стаўлення да навакольнага асяроддзя”, - гаворыцца ў пасланні.
Папа даверыў усіх удзельнікаў кангрэса заступніцтву Марыі, Маці Касцёла, і запэўніў у сваіх малітвах аб тым, каб іх намаганні прынеслі трывалы плён, - напісаў кардынал Паралін.
