Пошук

Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі  (Emerson Fernandes, Diocesi di Tubarão)

Руфіні: цяпер час для камунікацыі, якая стварае адзінства

Камунікацыя павінна не толькі перадаваць інфармацыю, але будаваць еднасць, захоўваць чалавечыя гісторыі і сведчыць пра дабро і надзею, - падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кіраўнік ватыканскага ведамства знаходзіцца ў Бразіліі, дзе прымае ўдзел у IX Нацыянальнай сустрэчы “Pascom” – службы душпастырства работнікаў сферы камунікацыі пры мясцовым епіскапаце. Форум праходзіць пры марыйным санктуарыі ў Апарэсідзе ў штаце Сан-Паўлу на тэму: “Евангелізацыя ў руху: пастырскае вымярэнне камунікацыі”.

Паола Руфіні, які ў лістападзе завершыць служэнне на пасадзе прэфекта, выступіў на адкрыцці сустрэчы, заклікаўшы будаваць камунікацыю, якая дапамагае ствараць еднасць і захоўваць чалавечыя сувязі.

“Неабходна берагчы камунікацыю, якая яднае нас, таленты кожнага чалавека, гісторыі, сустрэчы, дабро, прыгажосць, перспектыву збаўлення і адкуплення, нават калі здаецца, што ўсё ідзе не так”, - сказаў ён.

Удзельнікі IX Нацыянальнай сустрэчы “Pascom” у Апарэсідзе
Удзельнікі IX Нацыянальнай сустрэчы “Pascom” у Апарэсідзе

Паводле Руфіні, сёння асабліва важна разам шукаць новыя формы супрацоўніцтва. “Настаў час будаваць еднасць праз усе сродкі камунікацыі, ствараць сумесныя праекты, працаваць” з камандамі з іншых краін і гарадоў, “каб паказаць адзінства, у якім усё існуе, каб усё больш служыць адзін аднаму і прапанаваць свету глабальную інфармацыйную сістэму, заснаваную на пошуку і абмене праўдай”, - падкрэсліў ён.

Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі заўважыў, што каталіцкая камунікацыя мае асаблівае заданне: яна паказвае магчымасць “іншага шляху”, бо не кіруецца эканамічнай выгадай, але нараджаецца з любові да дзялення дабром, праўдай і прыгажосцю.

“Наша камунікацыя мае нешта вялікае і ўнікальнае: яна не прадае абстрактныя сувязі, але будуе сапраўдныя адносіны. Яна знаходзіцца ў свеце не дзеля эканамічнага інтарэсу, а дзеля таго, каб дзяліцца дабром, праўдай і прыгажосцю і прапаноўваць гэта як дар”, - адзначыў Руфіні.

Паводле ватыканскага прэфекта, камунікацыя, заснаваная на дарэнні сябе і сведчанні, “мае сапраўдную сілу будаваць еднасць, злучаць людзей, дапамагаць ім перажываць супольны досвед, вызваляць ад ізаляцыі і дапамагаць адчуваць сябе часткай гасціннага асяроддзя”.
 

25 ліпеня 2026, 10:55