Пошук

Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі 

Руфіні ў Брусэлі: не спыняць інавацыі, а кіраваць імі

“Усе павінны быць уключаны ў стварэнне і рэалізацыю свядомага і адказнага лічбавага грамадзянства”, - нагадаў словы Папы прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па камунікацыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

4 лютага 2026 года Паола Руфіні прыняў удзел у форуме “Connact”, на якім сабраліся кіраўнікі каля пяцідзесяці найбуйнейшых італьянскіх няўрадавых арганізацый. Сустрэча прайшла ў Брусэлі і мела на мэце ўмацаваць дыялог паміж структурамі ЕС і трэцім сектарам у Італіі, вызначыць агульныя прыярытэты і павялічыць уплыў на палітыку Еўрапейскага Саюза.

У рамках канферэнцыі адбыліся трынаццаць круглых сталоў, прысвечаных самым разнастайным выклікам: ад харчовых і сельскагаспадарчых праблем да дэмакратыі і правоў чалавека, ад прымысловасці і рынкаў збыту прадукцыі да ролі СМІ і інавацый.

Паола Руфіні падзяліўся з удзельнікамі сустрэчы заўвагамі адносна ролі штучнага інтэлекту ў сферы медыя, якія Леў XIV змясціў у сёлетнім пасланні да Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі. У прыватнасці, ён адзначыў, што сучасны медыйны кантэкст мае патрэбу ў большай празрыстасці крыніц і адказнасці СМІ, каб іх карыстальнікі маглі па-сапраўднаму давяраць інфармацыі.

Па словах прадстаўніка Святога Пасаду, у гэтай сферы патрэбныя намаганні ўсіх: тэхналагічнай індустрыі і заканадаўцаў, акадэмічнага свету і мастацтва, крэатыўных агенцтваў і журналістаў. “Усе павінны быць уключаны ў стварэнне і рэалізацыю свядомага і адказнага лічбавага грамадзянства”, - працытаваў ён словы Папы.

Прэфект пазнаёміў удзельнікаў форума з дзейнасцю Дыкастэрыі па камунікацыі, у якой працуюць прадстаўнікі больш чым 70 краін свету. Ён расказаў, што партал “Vatican News”, які мае каля 60 моўных версій, штомесяц наведваюць каля шасці мільёнаў унікальных карыстальнікаў інтэрнэту, а сярэдняя колькасць яго штомесячных праглядаў адпавядае 20 мільёнам.

Руфіні нагадаў словы Святога Айца пра тое, што “перад намі стаіць задача не спыняць лічбавыя інавацыі, а накіроўваць іх”. “Кожны з нас павінен узняць голас у абарону людзей, каб гэтыя прылады сапраўды сталі нашымі саюзнікамі”, - дадаў ватыканскі прэфект.
 

06 лютага 2026, 10:29