Папская акадэмія: абарона жыцця застаецца цывілізацыйнай мэтай
Марыя Валодзіна - Vatican News
Касцёл зноў заявіў пра непрымальнасць любых форм эўтаназіі і заклікаў абараняць чалавечае жыццё ад зачацця да натуральнай смерці. Канцлер Папскай акадэміі жыцця, ксёндз Андрэа Чучы, у інтэрв’ю ватыканскім СМІ падкрэсліў, што місія акадэміі заключаецца ў абвяшчэнні Евангелля жыцця. “Браты не могуць пазбаўляць жыцця іншых братоў. Братэрства павінна служыць жыццю, а не смерці”, - падкрэсліў ён.
Абарона жыцця – цывілізацыйная мэта
Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў надзвычайную складанасць і важнасць гэтага пытання, па якому неабходна дасягнуць шырокага кансенсусу. “Давайце прысвецім увесь неабходны час і выкарыстаем усю неабходную мудрасць, каб пабудаваць цывілізацыю, якая абараняе чалавечае жыццё”, - сказаў ён, нагадаўшы, што падчас свайго нядаўняга візіту ў Іспанію Леў XIV назваў абарону жыцця “цывілізацыйнай мэтай”.
Дапамагчы годна пражыць апошні этап жыцця
Каментуючы выраз “дапамога пры смерці”, канцлер заявіў, што людзям неабходна дапамагаць не памерці, а годна пражыць апошні этап жыцця і момант смерці. Разам з тым ён падкрэсліў неабходнасць сур’ёзна ставіцца да просьбаў людзей, якія жадаюць памерці, а таксама ўлічваць умовы і кантэкст, у якіх яны знаходзяцца, бо сучасныя тэхналогіі істотна змянілі тое, як мы нараджаемся і паміраем. “Абарона чалавечага жыцця павінна быць перагледжана, разгледжана і сфармулявана ў новым кантэксце”, - лічыць эксперт.
Рызыкі эўтаназіі
Сярод галоўных рызык легалізацыі асіставанага самагубства айцец Чучы назваў паглыбленне экзістэнцыяльнай і культурнай адзіноты, рост сацыяльнай няроўнасці і небяспеку вяртання да “культуры адкідаў”, пра якую неаднаразова казаў Папа Францішак. Існуе рызыка, што годнасць чалавека будзе вызначацца яго прадукцыйнасцю, а не самім фактам існавання і любові да яго Бога.
Блізкасць, падтрымка і паліятыўная дапамога
Прадстаўнік Святога Пасада таксама адзначыў, што сапраўдным адказам на пакуты чалавека павінны быць блізкасць, паліятыўная дапамога і падтрымка ў мудрым распазнаванні. Сучасная культура нанова адкрыла веліч і важнасць сумлення кожнага чалавека, аднак павага да чалавечага сумлення не азначае пакідаць чалавека сам-насам з найважнейшымі жыццёвымі рашэннямі, асабліва ў вырашальны момант смерці, - нагадаў канцлер.
Заклік Папы да пашаны чалавечага жыцця
У ліпеньскім відэароліку Папскай сусветнай малітоўнай сеткі Леў XIV заклікаў вернікаў маліцца аб пашане да чалавечага жыцця. Яго пасланне прагучала напярэдадні вырашальнага галасавання ў французскім парламенце па законапраекту аб эўтаназіі, які працягвае выклікаць шырокую грамадскую і палітычную дыскусію.