Малітоўная інтэнцыя Папы: аб пашане да чалавечага жыцця
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Молімся аб пашане і абароне чалавечага жыцця на ўсіх яго этапах, прызнаючы яго дарам Божым”, - так гучыць малітоўная інтэнцыя Святога Айца. У відэароліку Пантыфік узносіць малітву, заклікаючы прымаць кожнае чалавечае жыццё без умоў, з пяшчотай падтрымліваць кволых і адважна абараняць тых, хто не мае голасу.
“Даруй нам, Пане, калі мы паддаёмся абыякавасці або культуры адчужэння, калі перастаём бачыць у іншым істоту, годную любові. Дай нам новае сэрца, здольнае заўсёды выбіраць жыццё, і шчодрыя рукі, якія абараняюць яго канкрэтнымі ўчынкамі”, - сказаў ён.
Пантыфік пажадаў, каб Касцёл даваў жывое сведчанне Евангелля жыцця, быў адкрытым домам, дзе ніхто не адчувае сябе лішнім і дзе годнасць кожнага чалавека заўсёды паважаецца і захоўваецца.
“Пане Езу, зрабі так, каб мы любілі жыццё, як Ты яго любіш: з пяшчотай, вернасцю і самаадданасцю; каб умелі абвяшчаць словам і ўчынкам, што кожнае чалавечае жыццё заслугоўвае таго, каб мы цалкам падарылі яму нас саміх”, - сказаў Святы Айцец.
