Паралін пра перспектывы міру ва Украіне: рух у адваротным кірунку
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Дзяржсакратар пракаментаваў сітуацыю ва Украіне і на Блізкім Усходзе падчас размовы з прадстаўнікамі СМІ на палях прэзентацыі кнігі італьянскага журналіста Антоніа Прэцыёзі “Вялікдзень міру. Ад Яна ХХІІІ да Льва XIV на шляху да Юбілею 2033 года” (Pasqua di pace. Da Giovanni XXIII a Leone XIV verso il Giubileo del 2033), якая прайшла 22 ліпеня 2026 года ў Пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе.
Адказваючы на просьбу пракаментаваць перспектывы міру ва Украіне, кардынал Паралін спаслаўся на арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, які вярнуўся пасля шасцідзённай паездкі ў гэту краіну і расказаў пра “адзін з самых моцных удараў” па Кіеве, нанесены некалькі дзён таму.
“Таму мне здаецца, што мы рухаемся ў адваротным кірунку, у тым сэнсе, што адбылася эскалацыя, а перспектывы міру адсутнічаюць”, - адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
Гаворачы пра сітуацыю ў Іране, іерарх выказаў занепакоенасць яе развіццём пасля прыпынення выканання мемарандума аб узаемаразуменні. Ён выказаў надзею на працяг дзеяння мірных дамоўленасцяў і аднаўленне перамоў для дасягнення стабільнага пагаднення “дзеля дабра краіны, а таксама дзеля дабра свету”, бо “гэтыя сітуацыі ставяць пад пагрозу мір ва ўсім свеце”.
Адносна нядаўніх навін пра мур, які ізраільская армія будуе ў сектары Газа, іерарх нагадаў пазіцыю Святога Пасада: “Мы можам паўтарыць яе адным лозунгам: не – мурам, так – мастам”. Ён патлумачыў, што гэты прынцып адлюстроўвае пазіцыю Апостальскай Сталіцы ў дачыненні да ізраільскай ініцыятывы.