Пошук

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін  (ANSA)

Кардынал Паралін: заўсёды існуе альтэрнатыва вайне

Кардынал-Дзяржсакратар П’етра Паралін заявіў, што сучасны свет усё часцей замяняе “моц права” на “права моцы”, аднак вайна ніколі не з'яўляецца адзіным рашэннем.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв’ю, апублікаваным 14 ліпеня 2026 года, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці падзяліўся ўспамінамі з свайго дыпламатычнага досведу, выказаўся пра сучасныя міжнародныя крызісы і крызіс правапарадку. Размова з журналістамі адбылася падчас свята газеты “Avvenire” і выдання “Il Popolo” ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бібіёнэ, бліз Венецыі.

Прыклад мірабудаўніцтва

Кардынал Паралін падзяліўся ўспамінам пра перамовы паміж Эквадорам і Перу ў 2005 годзе. Тагачасны прэзідэнт Эквадора Альфрэда Паласіа паказаў прабітую куляй пляшку, якая належала яго дзеду – удзельніку аднаго з узброеных канфліктаў паміж краінамі. Гэты жэст дапамог змяніць атмасферу перамоў і стаў прыкладам таго, як асабістае сведчанне можа спрыяць пошуку міру. Дзяржаўны сакратар падкрэсліў, што пабудова міру патрабуе мужнасці і гатоўнасці пераадольваць самога сябе.

Адказваючы на пытанне пра краіны, якія асабліва паўплывалі на яго служэнне, кардынал Паралін узгадаў В’етнам, дзе ён працаваў дзеля пашырэння магчымасцяў для Касцёла і гарантыі свабоды веравызнання. Асаблівае месца ў яго сэрцы займае Венесуэла, дзе ён быў апостальскім нунцыем у 2009-2013 гадах. Сёння краіна перажывае цяжкія наступствы доўгага палітычнага і эканамічнага крызісу, масавую міграцыю насельніцтва, а таксама разбурэнні ў выніку нядаўняга землятрусу.

“Права моцы” замест “моцы права”

Кардынал Паралін назваў сучасную міжнародную сітуацыю драматычнай. Ён заявіў, што сістэма шматбаковага супрацоўніцтва, якая склалася пасля трагедый дзвюх сусветных войнаў, хутка аслабла, саступіўшы месца культуры моцы. Моц права ўсё часцей замяняецца правам моцы.

Мір будуецца штодзень

Дзяржаўны сакратар нагадаў, што, як сцвярджае Другі Ватыканскі Сабор, вайна ўзнікае з дысбалансу ў сэрцы чалавека. Таму наш абавязак – пастаянна перамагаць эгаізм, які пранізвае нас як асобных людзей і як супольнасці. Мір магчымы, і мы павінны ў яго верыць. Аднак гэта штодзённая карпатлівая праца, як казаў Папа Францішак. Няма фабрыкі міру або яго масавай вытворчасці. Кожны з нас адказны за пераадоленне канфліктаў і пераўтварэнне іх у магчымасці для росту чалавечых і сацыяльных адносін, - падкрэсліў Дзяржаўны сакратар.

Давер – аснова перамоў

На думку іерарха, падмурак кожных перамоў – гэта давер да суразмоўцы. Вера ў тое, што з ім можна нешта пабудаваць. Супрацьлеглая пазіцыя падрывае любыя перамовы. Перамоўшчык павінен быць сумленным, казаць толькі тое, што можа сказаць, не даваць пустых абяцанняў і прытрымлівацца фактаў, а таксама прыўносіць у дыялог моцнае чалавечае вымярэнне. Толькі чалавечнасць збліжае нас з іншымі, - патлумачыў кардынал Паралін.

Вайна ва Украіне

Дзяржаўны сакратар адзначыў, што мірныя перамовы пра завяршэнне вайны ва Украіне пакуль не вядуцца. Святы Пасад працягвае ўдзельнічаць у гуманітарных намаганнях, у тым ліку па вяртанні ўкраінскіх дзяцей з Расіі і абмене палоннымі.

Сітуацыя на Блізкім Усходзе

Што да падзей на Блізкім Усходзе, ключавой праблемай там застаецца нявырашанае палесцінскае пытанне. Кардынал Паралін нагадаў, што некалькі гадоў таму Святы Пасад заключыў пагадненне з Дзяржавай Палесціна, фактычна падтрымаўшы прынцып існавання дзвюх дзяржаў. Пасля трагедыі ў Газе ўмовы для стварэння Палесцінскай дзяржавы на Заходнім беразе становяцца ўсё больш складанымі з-за пашырэння ізраільскіх пасяленняў. Але гэта не значыць, што выйсця няма. Магчыма, патрэбна яшчэ больш крэатыўнасці, - заўважыў дыпламат.

“Справядлівая вайна”

Адказваючы на пытанне адносна “справядлівай вайны”, кардынал Паралін адзначыў, што ва ўмовах існавання зброі масавага знішчэння гэтае паняцце патрабуе глыбокага пераасэнсавання. Ён звярнуў увагу на эканамічныя інтарэсы, звязаныя з узбраеннем, якія спрыяюць працягу канфліктаў: многія нажываюцца на вайне.

Ніводны добры ўчынак не бывае марным

Напрыканцы размовы кардынал Паралін заклікаў не паддавацца песімізму і верыць у Евангелле: ніводны добры ўчынак не бывае марным, а кожны жэст дабрыні, любові і міласэрнасці не будзе страчаны, - падкрэсліў ён.

15 ліпеня 2026, 11:00