Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Ю: пакліканням спрыяе прыклад вернасці Евангеллю

Найлепшым спосабам спрыяння новым пакліканням з’яўляецца прыклад шчаслівых, верных і адданых Евангеллю святароў, - заўважыў прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал Лазарус Ю Хён-сік скіраваў пасланне да парагвайскіх святароў, якія бралі ўдзел у Нацыянальных днях духавенства. Сустрэча прайшла з 13 па 16 ліпеня 2026 года ў семінарыі Маці Божай Унебаўзятай у Асунсьёне – галоўнай духоўнай семінарыі ў Парагваі. Яна была прысвечана тэме: “Тоеснасць святара і аблічча служэння ў актуальным кантэксце”. У форуме бралі ўдзел душпастыры з розных дыяцэзій краіны.

Прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства запэўніў святароў у блізкасці Папы Льва XIV. Ён заклікаў духавенства не забывацца пра сваё галоўнае пакліканне – служыць Хрысту і людзям.

Асноўную ўвагу ў пасланні ватыканскі іерарх звярнуў на пытанне святарскай тоеснасці. Ён падкрэсліў, што ў сучасным свеце, пазначаным секулярызацыяй, лічбавай культурай, грамадскімі пераменамі і новымі выклікамі евангелізацыі, святар не з’яўляецца проста чалавекам, які выконвае рэлігійныя абавязкі ці прадстаўляе пэўную супольнасць. Ён пакліканы быць жывым вобразам Хрыста, Добрага Пастыра, сярод Божага народа.

Кардынал Ю таксама папярэдзіў пра небяспекі, якія могуць аслабіць святарскае служэнне. Першай ён назваў празмерную засяроджанасць на эфектыўнасці, калі каштоўнасць святарства разглядаецца выключна праз вынікі душпастырскай дзейнасці; другой – спакусу апусціць рукі перад выклікамі евангелізацыі; трэцяй – духоўную павярхоўнасць, якая пагражае пазбавіць служэнне яго сілы сведчання.

Прэфект заклікаў святароў і надалей быць побач з беднымі, моладдзю, сем’ямі і найбольш уразлівымі супольнасцямі. Ён заахвоціў іх спрыяць справядлівасці, празрыстасці і фармацыі сумленняў у святле Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла.

Кардынал таксама нагадаў, што найлепшым спосабам спрыяння новым пакліканням з’яўляецца прыклад шчаслівых, верных і адданых Евангеллю святароў. Паводле яго слоў, менавіта жывая вера і малітва супольнасці дапамагаюць маладым людзям пачуць Божы заклік і мужна адказаць на яго.

Напрыканцы паслання ватыканскі іерарх падзякаваў святарам Парагвая за іх штодзённую працу ў парафіях, сярод бедных, хворых, моладзі і жыхароў аддаленых раёнаў. Ён пажадаў, каб кожны з іх заставаўся “святым, адданым і шчаслівым пастырам”, верным Хрысту і свайму пакліканню.
 

18 ліпеня 2026, 10:04