Пошук

Святары. Ілюстрацыйнае фота Святары. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Леў XIV прысвяціў новы Апостальскі ліст служэнню святароў

На важнасць умацавання фармацыі святароў, канкрэтных праяў святарскага братэрства і адкрытасці пастыраў на супрацоўніцтва з усім Божым народам звярнуў увагу Папа ў новым Апостальскім лісце.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

22 снежня 2025 года ў Ватыкане быў апублікаваны Апостальскі ліст Льва XIV “Una fedeltà che genera futuro” (з італьянскай мовы: “Вернасць, якая нараджае будучыню”). Дакумент прымеркаваны да 60-годдзя двух дэкрэтаў Другога Ватыканскага Сабора: “Optatam totius”, прысвечанага фармацыі святароў, і “Presbyterorum ordinis”, прысвечанага служэнню і жыццю прэзбітэраў. Папа адзначыў актуальнасць гэтых дэкрэтаў, заклікаўшы чытаць і вывучаць іх у хрысціянскіх супольнасцях, асабліва ў семінарыях і месцах падрыхтоўкі да святарскага служэння.

Святы Айцец выказаў падзяку за сведчанне і адданасць святароў, якія ў розных частках свету ахвяруюць сваім жыццём, цэлебруюць ахвяру Хрыста ў Эўхарыстыі, абвяшчаюць Божае слова, адпускаюць грахі і дзень за днём шчыра прысвячаюць сябе братам і сёстрам, служачы ім у адзінстве і клапоцячыся, асабліва, пра тых, хто найбольш пакутуе і жыве ў нястачы.

Важнасць пастаяннай фармацыі

Пантыфік адзначыў важнасць няспыннай фармацыі і пастаяннага навяртання для святароў. “Кожны дзень святар павінен нібыта вяртацца да Галілейскага возера – туды, дзе Езус пытаецца ў Пятра: “Ці любіш ты Мяне?” – каб зноў адказаць “так””, - напісаў ён.

Папа заўважыў, што семінарыя павінна быць “школай пачуццяў” і выхоўваць сталых людзей з добра інтэграванымі духоўным і чалавечым вымярэннямі. Дзякуючы гэтаму святары будуць здольнымі да “праўдзівых адносін з усімі” і змогуць “прыняць абавязак цэлібату і абвяшчаць Евангелле Уваскрослага пераканаўчым чынам”.

“У гэтыя апошнія дзесяцігоддзі крызіс даверу ў Касцёле, выкліканы злоўжываннямі з боку духавенства, якія напаўняюць нас сорамам і заклікаюць да пакоры, зрабіў нас яшчэ больш свядомымі адносна неадкладнай патрэбы ў цэласнай фармацыі, якая забяспечвае чалавечы рост і сталасць кандыдатаў да прэзбітэрату разам з багатым і грунтоўным духоўным жыццём”, - напісаў Леў XIV.

Пантыфік заўважыў, што тэма фармацыі важная, каб адказаць на “балючую рэальнасць” пакідання святарства: гэта з’ява павінна разглядацца не толькі ў прававым ключы – яна патрабуе таксама “уважлівага і спагадлівага позірку на гісторыю гэтых братоў і мноства прычын, якія маглі прывесці іх да такога рашэння”.

Індывідуалізм не спалучаецца з евангелізацыяй

Пантыфік звярнуў увагу на важнасць святарскага братэрства, на карысць якога трэба заўсёды прыкладаць намаганні, у першую чаргу перамагаючы спакусу індывідуалізму, “які кепска спалучаецца з місіянерскай і евангелізацыйнай місіяй” Касцёла.

На думку Папы, святарскае братэрства прадугледжвае клопат адзін пра аднаго, адкрытасць на Божую ласку, якая вылечвае ад самалюбавання і эгацэнтрызму, давер да Пана, пераадоленне спакусы самарэферэнтнасці, якая павінна саступіць месца логіцы слухання і служэння.

Канкрэтныя выразы братэрства

Леў XIV заўважыў, што клопат пра святарскае братэрства можа выражацца, напрыклад, у спрыянні эканамічнай роўнасці паміж святарамі, якія служаць у бедных парафіях, і тымі, якія нясуць служэнне ў больш багатых супольнасцях.

“Варта таксама адзначыць, што ў многіх краінах і дыяцэзіях да гэтага часу не гарантуецца неабходная абарона на выпадак хваробы і старасці. Узаемны клопат, асабліва аб самых адзінокіх і ізаляваных братах, а таксама аб хворых і пажылых, не можа лічыцца менш важным, чым клопат пра даручаны нам народ”, - напісаў Папа.

Магчымыя формы сумеснага жыцця

Пантыфік заўважыў, што ў многіх кантэкстах – асабліва на Захадзе – святары ўсё больш падвержаныя пагрозе самотнасці, якая “гасіць апостальскі запал і можа прыводзіць да засяроджанасці на саміх сябе”. У сувязі з гэтым ён заклікаў спрыяць “магчымым формам сумеснага жыцця”, каб святары маглі дапамагаць адзін аднаму развівацца духоўна і інтэлектуальна, больш плённа супрацоўнічаць і пазбягаць небяспек адзіноты.

Адкрытасць на супрацоўніцтва

“У час вялікай уразлівасці ўсе святары пакліканы жыць у адзінстве, вяртаючыся да таго, што з’яўляецца самым галоўным, і становячыся блізкімі да людзей, каб захоўваць надзею, якая набывае аблічча ў пакорным і канкрэтным служэнні”, - адзначыў Пантыфік, звяртаючы ўвагу на важнасць супрацоўніцтва паміж святарамі і пастаяннымі дыяканамі, з’яднанымі той самай любоўю да Евангелля і ўвагай да самых бедных. Гэта, па словах Святога Айца, будзе яскравым сведчаннем адзінства.

Пераадоленне “эксклюзіўнага лідарства”

Пантыфік адзначыў важнасць сінадальнасці, для развіцця якой неабходна пераадоленне мадэлі “эксклюзіўнага лідарства”, згодна з якой усе душпастырскія абавязкі бяруць на сябе святары, і адкрыццё на больш калегіяльнае вымярэнне, якое прадугледжвае “супрацоўніцтва паміж прэзбітэрамі, дыяканамі і ўсім Божым народам, у тым узаемным узбагачэнні, якое з’яўляецца плёнам разнастайнасці харызматаў, выкліканых Святым Духам”.

Знайсці гармонію паміж сузіраннем і дзеяннем

Леў XIV адзначыў, што святарскае пакліканне спаўняецца ў радасці служэння братам. Ён заклікаў пазбягаць пагоні за эфектыўнасцю, засяроджанай на саміх сябе, бо евангелізацыя не вымяраецца колькасцю рэалізаваных праектаў і не ацэньваецца паводле колькасці аказаных паслуг. З іншага боку, непрымальным з’яўляецца таксама падыход, пазначаны бяздзеяннем. Па словах Папы, неабходна знайсці гармонію паміж сузіраннем і дзейнасцю.

“Поўнае дарэнне сябе, у любым выпадку, не можа і не павінна азначаць адмову ад малітвы, вучобы і святарскага братэрства; наадварот, яно становіцца гарызонтам, у якім усё ахоплена ў той меры, у якой скіравана да Пана Езуса, памерлага і ўваскрослага дзеля збаўлення свету”, - напісаў Святы Айцец.

Ствараць асяродкі для раскрыцця пакліканняў

Напрыканцы Апостальскага ліста Папа заклікаў спрыяць з’яўленню ў мясцовых Касцёлах асяроддзяў і форм душпастырства, прасякнутых Евангеллем, у якіх могуць раскрывацца і саспяваць пакліканні да поўнага дару сябе.
 

22 снежня 2025, 12:49