Кардынал Грэк: сінадальнасць павінна быць штодзённасцю Касцёла
Аляксандр Панчанка – Vatican News
24 ліпеня 2026 года іерарх звярнуўся да ўдзельнікаў XII Пленарнай асамблеі Федэрацыі Біскупскіх Канферэнцый Азіі (FABC), якая праходзіць у сталіцы Інданезіі Джакарце на тэму: “Заклік да сінадальнага навяртання і місія быць мастамі і будаўнікамі мастоў у Азіі”.
Кардынал Грэк падкрэсліў, што пасля завяршэння Сіноду аб сінадальнасці галоўная задача заключаецца не толькі ў тым, каб гаварыць пра сінадальнасць, але ў тым, каб навучыцца жыць ёю ў штодзённасці Касцёла. Паводле яго слоў, галоўным суб’ектам наступнага этапу сінадальнага шляху з’яўляюцца мясцовыя Касцёлы, якія пакліканы ўвасабляць гэты стыль жыцця ў сваіх супольнасцях.
Іерарх нагадаў, што мясцовы Касцёл не з’яўляецца толькі адміністрацыйнай часткай паўсюднага Касцёла, але сапраўднай праявай Касцёла ў канкрэтным месцы, дзе абвяшчаецца Евангелле, цэлебруюцца сакрамэнты і вернікі жывуць у еднасці з Хрыстом. “Калі мясцовы Касцёл не прапануе свайго ўкладу, ён пазбаўляе паўсюдны Касцёл чагосьці жыццёва важнага”, - заўважыў кардынал Грэк.
Генеральны сакратар Сінода Біскупаў адзначыў, што кожны мясцовы Касцёл нясе з сабой “дары, досвед, рэсурсы і адметнае сведчанне”, якімі пакліканы дзяліцца з іншымі супольнасцямі. Таму сінадальны працэс не мае сваёй галоўнай мэтай стварэнне новых дакументаў, але павінен спрыяць “цыркуляцыі дароў, якая ўмацоўвае еднасць і падтрымлівае місію”.
Кардынал нагадаў, што важным элементам сінадальнага шляху было слуханне Народу Божага. Вернікі не павінны разглядацца толькі як аб’ект рашэнняў, але як сапраўдныя ўдзельнікі жыцця і місіі Касцёла. Менавіта таму слухаць Касцёл азначае канкрэтна слухаць мясцовыя Касцёлы і іх досвед.
Звяртаючыся да сітуацыі Касцёла ў Азіі, іерарх падкрэсліў каштоўнасць яго вопыту, якім з’яўляюцца дыялог з іншымі рэлігіямі, культурная разнастайнасць, часта меншасны статус хрысціян і блізкасць да бедных. Гэтыя рэаліі, паводле яго слоў, з’яўляюцца месцамі, дзе Святы Дух працягвае дзейнічаць і праз якія Касцёл у Азіі можа ўзбагаціць увесь паўсюдны Касцёл.
Кардынал Грэк таксама адзначыў, што цяперашні этап прыняцця вынікаў Сіноду будзе вырашальным, бо сінадальнасць не можа абмежавацца толькі дакументамі ці фармальнымі рашэннямі, але павінна стаць рэальным досведам жыцця супольнасцяў.
“Рэалізацыя Сіноду прынясе свой найбольш поўны плён тады, калі кожны мясцовы Касцёл прызнае сябе адначасова і атрымальнікам, і носьбітам дару”, - адзначыў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў, падкрэсліваючы, што ў гэтым плённым абмене паміж каталіцкімі супольнасцямі “Касцёл працягвае расці як еднасць і як місія”.