Пошук

Кардынал Луіс Антоніа Тагле Кардынал Луіс Антоніа Тагле  (AFP or licensors)

Кардынал Тагле: сустрэча з Хрыстом – аснова місіі будавання мастоў

Прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі нагадаў біскупам Азіі пра неабходнасць паглыблення асабістых адносін з Хрыстом, а не толькі канцэнтрацыі на душпастырскіх стратэгіях і планах.

Ян Глінскі

Кардынал Луіс Антоніа Тагле правёў духоўныя практыкаванні для ўдзельнікаў ХІІ Пленарнага пасяджэння Федэрацыі Біскупскіх Канферэнцый Азіі (FABC), якое праходзіць з 20 да 26 ліпеня 2026 года ў сталіцы Інданезіі Джакарце. Тэма форуму: “Заклік да сінадальнага навяртання і місія быць мастамі і будаўнікамі мастоў у Азіі”.

“Сінадальнае навяртанне нараджаецца не з праграм і структур, а з услухоўвання ў Духа Святога, а таксама паглыблення адносін з Хрыстом – Мастом, які яднае неба і зямлю”, - падкрэсліў прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі ў сваім разважанні.

Місія Касцёла, як падкрэслівалі ўдзельнікі, заключаецца ў падтрымцы дыялогу і паяднання паміж культурамі і рэлігіямі, народамі і рознымі грамадскімі групамі. Кардынал Тагле, аднак, нагадаў, што хрысціяне могуць станавіцца будаўнікамі мастоў толькі пасля сустрэчы з Хрыстом, які ўвайшоў у рэчаіснасць праз уцелаўленне.

Прапрэфект, спасылаючыся на фрагмент з Кнігі Быцця пра сон Якуба і лесвіцу да неба, заўважыў, што Хрыстус злучае вертыкальнае вымярэнне (адносіны паміж Богам і чалавецтвам) з гарызантальным вымярэннем (адносіны паміж людзьмі і сувязь паміж чалавецтвам і стварэннем). “Быць з Богам — гэта не значыць дыстанцыявацца ад чалавецтва і стварэння”, - падкрэсліў іерарх.

Кардынал Тагле заклікаў біскупаў не ўзвышацца над людзьмі, якім яны служаць. Езус, які стаў чалавекам, не дыстанцыяваўся ад людзей, а ўвайшоў у іх жыццё. Менавіта таму Касцёлу, які пакліканы будаваць масты, найперш трэба вучыцца ў Хрыста блізкасці, пакоры і любові.

Як падкрэсліў прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, у Азіі – кантыненце незвычайнага культурнага багацця, шматвекавых рэлігійных традыцый і складаных сацыяльных праблем – місія Касцёла ў будаўніцтве мастоў павінна пачынацца з адноўленай сустрэчы з Хрыстом.
 

24 ліпеня 2026, 10:54