Пошук

Ватыканская абсерваторыя: курс лекцый па квантавай гравітацыі

Ватыканская астранамічная абсерваторыя ў Кастэль-Гандольфа праводзіць цыкл лекцый, прысвечаных адной з найважнейшых праблем сучаснай тэарэтычнай фізікі – квантавай гравітацыі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Арганізатары курсаў – айцец Габрыэле Джонці з Таварыства Езуса і ксёндз Матэа Галаверні з Ватыканскай абсерваторыі. Удзел у занятках бяруць аспіранты і маладыя даследчыкі. Вядучыя навукоўцы знаёмяць іх з сучаснымі падыходамі да квантавай механікі і агульнай тэорыі адноснасці. Сярод лектараў: прафесар Клаўс Кіфер з Кёльнскага ўніверсітэта, прафесар Раберта Перкачы з Міжнароднай вышэйшай школы перадавых даследаванняў у Трыесце, прафесар Серджа Качаторы з Універсітэта Інсубрыі і прафесар П’ерпаола Мастралія з Падуанскага ўніверсітэта.

Асноўная тэма лекцый – распрацоўка тэорыі квантавай гравітацыі, якая павінна растлумачыць паходжанне Сусвету і яго развіццё ў першыя імгненні пасля ўзнікнення. Даследчыкі імкнуцца знайсці спосаб аб’яднаць законы, якія апісваюць свет элементарных часціц, з тэорыяй, якая тлумачыць гравітацыю і структуру прасторы і часу.

На лекцыях разглядаюцца галоўныя тэарэтычныя цяжкасці гэтай задачы. У агульнай тэорыі адноснасці прастора і час з’яўляюцца дынамічнымі велічынямі, якія змяняюцца пад уздзеяннем гравітацыі. Пры спробе прымяніць да іх прынцыпы квантавай механікі ўзнікаюць сур’ёзныя матэматычныя супярэчнасці, якія не дазваляюць атрымаць тэорыю з надзейнымі прадказаннямі.

Цыкл лекцый дае маладым даследчыкам магчымасць працаваць ва ўмовах адкрытага навуковага дыялогу. Ватыканская абсерваторыя на працягу многіх гадоў імкнецца стварыць умовы для сумеснага пошуку адказаў на фундаментальныя пытанні пра прыроду прасторы, часу і Сусвету.

Лекцыі па квантавай гравітацыі ў Ватыканскай абсерваторыі ў Кастэль-Гандольфа
Лекцыі па квантавай гравітацыі ў Ватыканскай абсерваторыі ў Кастэль-Гандольфа   (©specola vaticana)
27 чэрвеня 2026, 11:55