Пошук

Тэлескоп Ватыканскай абсерваторыі ў Кастэль-Гандольфа Тэлескоп Ватыканскай абсерваторыі ў Кастэль-Гандольфа  

Маладых навукоўцаў запрашаюць у Ватыканскую абсерваторыю

Ватыканская абсерваторыя абвясціла прыём заявак на Летнюю астранамічную школу ў Кастэль-Гандольфа, прысвечаную даследаванню эвалюцыі зорак і гісторыі галактык.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ватыканская абсерваторыя (Specola Vaticana) распачынае набор студэнтаў і маладых навукоўцаў для ўдзелу ў Летняй астранамічнай школе, якая пройдзе ў 2027 годзе.

Галоўнай тэмай будучых заняткаў стане "Касмічная спадчына эвалюцыянаваных зорак, каштоўных сведак гісторыі галактык". Гэты міжнародны адукацыйны праект традыцыйна збірае самыя таленавітыя маладыя розумы з усяго свету.

Пачынаючы з 1987 года, акадэмічныя курсы ладзяцца рэгулярна ў няцотныя гады. Кожны раз праграма прысвячаецца асобнаму актуальнаму пытанню сучаснай астраноміі і прадугледжвае аналіз звестак, атрыманых з найноўшых касмічных інструментаў, такіх як касмічны тэлескоп "Джэймс Уэб".

За час існавання школы навучанне ў ёй прайшлі сотні маладых спецыялістаў, многія з якіх сёння займаюць ключавыя пасады ў вядучых сусветных навуковых цэнтрах.

Інтэнсіўны курс пад кіраўніцтвам сусветных экспертаў

Заняткі пройдуць у Кастэль-Гандольфа ў перыяд з 30 мая па 25 чэрвеня 2027 года. На працягу чатырох тыдняў вядомыя эксперты ў галіне астраноміі і астрафізікі будуць праводзіць для ўдзельнікаў інтэнсіўныя лекцыі, практычныя семінары і даследчыя праекты.

Праграма разлічана на студэнтаў магістратуры, дактарантуры, а таксама на маладых навукоўцаў на пачатковым этапе кар'еры. Асноўная ўвага будзе нададзена структуры і эвалюцыі зорак малой і сярэдняй масы, утварэнню касмічнага пылу, зорным папуляцыям у галактыках і працэсам зоркаўтварэння.

Дзейнічае абмежаванне: ад адной краіны могуць быць прыняты максімум два чалавекі. Рэлігійная прыналежнасць не ўплывае на крытэрыі адбору – арганізатары запрашаюць прадстаўнікоў усіх веравызнанняў. Навучанне ў школе з'яўляецца цалкам бясплатным, а студэнты, якія маюць фінансавыя цяжкасці, могуць звярнуцца па атрыманне субсідыі на аплату дарогі і пражывання.

Прыём заявак працягнецца да 30 верасня 2026 года, а рэкамендацыйныя лісты будуць прымацца да 14 кастрычніка 2026 года.

Навука, спорт і сустрэча з Пантыфікам

Акрамя напружанай навуковай працы, удзельнікаў чакае разнастайная культурная і грамадская праграма. Традыцыйна арганізатары ладзяць экскурсіі па наваколлях Рыма, спартыўныя мерапрыемствы і сустрэчы, дзе маладыя людзі прэзентуюць свае краіны.

Асаблівай і незабыўнай падзеяй для слухачоў мінулых курсаў заўсёды станавілася прыватная аўдыенцыя ў Папы.
 

05 чэрвеня 2026, 12:55