Кардынал Марчэла Сэмерара Кардынал Марчэла Сэмерара  (@Vatican Media)

Кардынал Сэмерара заклікаў Вашынгтон да сумленнага дыялогу

Прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі назваў абвінавачванні Дональда Трампа ў бок Папы Льва XIV адарванымі ад рэчаіснасці і заклікаў да паважлівага дыялогу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю італьянскаму выданню "La Repubblica" кардынал Марчэла Сэмерара пракаментаваў апошнія выказванні амерыканскага лідара. Дональд Трамп заявіў, што пазіцыя Святога Айца па Іране і іншых пытаннях стварае глабальную небяспеку. Іерарх назваў такія ацэнкі "трызненнем", паколькі яны цалкам ігнаруюць сутнасць касцельнага вучэння і ператвараюць рэлігійную місію ў палітычны інструмент.

Сам Леў XIV адзначыў, што гатовы да крытыкі, калі яна датычыцца абвяшчэння Евангелля, але толькі пры ўмове захавання праўды. Кардынал Сэмерара падкрэсліў: ні ў словах цяперашняга Пантыфіка, ні ў працах яго папярэднікаў няма нічога, што пацвярджала б закіды Трампа.

На думку прэфекта, бачыць небяспеку ў выкананні пастырскага абавязку азначае страціць сувязь з рэчаіснасцю. Гэта тычыцца і рыторыкі віцэ-прэзідэнта Джэймса Дэвіда Вэнса, якую Сэмерара лічыць ілюзорнай.

Асаблівыя спадзяванні ў Рымскай курыі звязваюць з візітам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіа. Італьянскі іерарх спадзяецца, што высокапастаўлены госць здолее дыстанцыявацца ад агрэсіўнага тону прэзідэнта. Прынцып Касцёла, закладзены яшчэ Паўлам VI, палягае ў сустрэчы, а не ў канфрантацыі.

Завяршаючы сваю думку, кардынал Сэмерара нагадаў, што дыялог патрабуе карэктнасці. Нельга шукаць паразумення, калі адначасова гучаць патрабаванні "прыбраць" апанента. Замест абяцанняў ліквідаваць тых, хто думае інакш, Святы Пасад прапануе вярнуцца да цывілізаванага абмену думкамі, дзе галоўным аргументам застаецца Евангелле.
 

07 мая 2026, 11:23