Кардынал П’етра Паралін падчас размовы з прэсай Сан-Джавані-Ратонда Кардынал П’етра Паралін падчас размовы з прэсай Сан-Джавані-Ратонда 

Кардынал Паралін адказаў на крытыку Трампа

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці адказаў на крытыку прэзідэнта Дональда Трампа на адрас Папы Льва XIV і ацаніў цяперашні крызіс у шпіталі ў Сан-Джавані-Ратонда.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас святкавання 70-годдзя Дома палёгкі ў пакутах у італьянскім Сан-Джавані-Ратонда кардынал П’етра Паралін сустрэўся з прэсай. Журналісты папрасілі яго пракаментаваць чарговыя крытычныя выказванні прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Дональда Трампа ў дачыненні да цяперашняга Пантыфіка.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца нагадаў, што Леў XIV ужо адрэагаваў на закіды 13 красавіка 2026 года ў самалёце па дарозе ў Афрыку, і гэтая лінія застаецца нязменнай.

Паводле слоў іерарха, гэта быў вельмі хрысціянскі адказ. Кардынал падкрэсліў, што місія кіраўніка Касцёла заключаецца менавіта ў нястомным абвяшчэнні Евангелля і міру. Як казаў святы Павел, рабіць гэта трэба ў час і не ў час, таму Папа проста рэалізуе сваю місію, незалежна ад таго, згодны з гэтым нехта ці не.

Прадстаўнікі прэсы не абмінулі ўвагай і сітуацыю вакол самога Дома палёгкі ў пакутах. Цяпер установа сутыкаецца з пэўнымі арганізацыйнымі праблемамі і пратэстамі прафесійных саюзаў. Ватыканскі дыпламат заклікаў кіравацца агульнымі правіламі аховы здароўя і аб'яднаць намаганні ўсіх бакоў для вырашэння крызіснай сітуацыі ў медыцынскай сістэме.

Кардынал Паралін выказаў перакананне, што для дасягнення агульных мэт неабходна дзейнічаць разам і ў адным кірунку. Ён таксама нагадаў пра асаблівы характар гэтага шпіталя, які калісьці заснаваў Айцец Піо. Гэтая ўстанова мае вялікую “дабаўленую вартасць”, бо, згодна з традыцыяй, знакаміты святар заўсёды лічыў яе Божай справай і працягвае ахоўваць свой праект з неба.
 

06 мая 2026, 09:51