Хрысціянская гісторыя ў золаце: новыя манеты Ватыкана
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ватыкан прэзентаваў калекцыю залатых манет, якая вызначаецца стрыманай элегантнасцю і багатай іканаграфіяй. Серыя адкрываецца выпускам наміналам 10 еўра, прысвечаным Хросту Пана. Мастацкае вырашэнне гэтай манеты будуецца вакол сустрэчы Боскага і чалавечага: вада, якая льецца з рукі Яна Хрысціцеля на аблічча Хрыста, і голуб як знак прысутнасці Духа Святога сімвалізуюць пачатак новага часу ў гісторыі збаўлення.
Гэты выпуск пераклікаецца з думкай Папы Льва XIV, выказанай ім 11 студзеня 2026 года. Пантыфік падкрэсліў, што Хрост у Ярдане з’яўляецца асаблівым знакам смерці і ўваскрасення, прабачэння і супольнасці. На аверсе манеты традыцыйна месціцца папскі герб, што фіксуе пачатак першага года яго служэння.
Тэма пераемнасці і вернасці традыцыі знаходзіць працяг у манеце наміналам 100 еўра. Яна прысвечана сямнаццацівекавому юбілею Нікейскага сабору – падзеі, якая заклала падмурак адзінства хрысціян. Мастакі абралі для рэверса стылістыку, натхнёную візантыйскай іканаграфіяй, якая арганічна спалучаецца з выявай герба Льва XIV у мазаічным атачэнні на аверсе. Гэтае спалучэнне падкрэслівае трываласць Сімвала веры праз вякі.
Кульмінацыяй калекцыі стаў выпуск наміналам 200 еўра, прысвечаны Юбілею 2025 года. Кампазіцыя з сям’ёй, якая праходзіць праз Святыя дзверы на фоне Базілікі Святога Пятра, увасабляе вобраз Касцёла як супольнасці пілігрымаў. Якар, размешчаны ў ніжняй частцы манеты, служыць напамінам аб надзеі, якая з’яўляецца цэнтральнай тэмай будучага Святога года.
Акрамя залатых выданняў, Губернатарат Ватыкана анансаваў сумесную працу з Італіяй і Сан-Марына – трыпціх "Спеву стварэння", які хутка пабачыць свет. Гэты праект, прысвечаны святому Францішку Асізскаму, складаецца з трох медных манет наміналам 0,75 еўра. Кожная з іх раскрывае розныя аспекты францішканскай духоўнасці: ад касмічнага братэрства да ўдзячнасці Створцу за прыгажосць навакольнага свету.