Cупольны нумізматычны праект Ватыкана, Італіі і Сан-Марына
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Спеў стварэння", які з’яўляецца адным з найбольш значных тэкстаў еўрапейскай літаратурнай і духоўнай традыцыі, стаў цэнтральным элементам унікальнага нумізматычнага праекта. Рэспубліка Італія, Рэспубліка Сан-Марына і Дзяржава Ватыкан выпусцілі супольны трыпціх медных манет наміналам 0,75 еўра кожная. Гэтая ініцыятыва прымеркавана да святкавання васьмісотгоддзя з дня смерці святога Францішка, якое Касцёл і свет адзначаюць у 2026 годзе.
Манеты як тры раздзелы адзінай паэмы пра Бога і Яго стварэнне
Праект інтэрпрэтуе "Спеў брата Сонца" як сімвалічны шлях, што пралягае праз тры фундаментальныя тэмы францішканскай думкі: касмічную братэрскасць, еднасць з прыродай і ўдзячнасць Створцу. Кожная з трох эмісій раскрывае адзін з гэтых аспектаў, ствараючы суцэльнае мастацкае апавяданне.
Аверс ва ўсіх манет аднолькавы, яго распрацавала мастачка Марта Баніфача. На ім адлюстравана постаць святога Францішка з трыма галубамі – сімваламі міру. На фоне бачны стылізаваныя абрысы гары Субазіа і ваколіц Асізі, дзе ў кляштары святога Даміяна каля 1224 года нарадзіліся радкі славутага спеву. Гэты мастацкі выбар падкрэслівае ўкаранёнасць святога ў канкрэтную зямлю, якая стала для яго люстэркам неба.
Ад нябесных свяціл да зямных стыхій: сімволіка кожнай манеты
Рэверс італьянскай манеты прысвечаны "Касмічнай братэрскасці". У цэнтры знаходзіцца крыж Тау, акружаны выявамі сонца, месяца і зорак. Тэкст на манеце цытуе словы святога пра "брата Сонца" і "сястру Месяц". Сан-марынская манета канцэнтруецца на сувязі з прыродным светам, узгадваючы чатыры элементы: вецер, ваду, агонь і зямлю. Гэта заклік да павагі і аховы навакольнага асяроддзя, якое Францішак успрымаў як супольны дом.
Ватыканская манета завяршае цыкл тэмай "Удзячнасці Богу". На ёй выяўлена кадзіла, што гарыць, а таксама птушкі ў палёце і лісце – алегорыі пакоры і благаслаўлёнай вечнасці. Тут прыгадваюцца апошнія строфы твора, прысвечаныя чалавечай міласэрнасці і нават "сястры Смерці цела".
Новы нумізматычны трыпціх перакладае на мову металу вышэйшыя выразы сярэднявечнай духоўнасці, застаючыся актуальным гімнам жыццю і братэрству ўсяго стварэння.