Андрэа Тарніелі: Леў XIV супраць ідалапаклонства ўлады
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Суботні вечар 11 красавіка 2026 года стаў часам асаблівага яднання вакол Пантыфіка, які склікаў малітоўнае чуванне за спыненне ваенных канфліктаў.
Галоўны рэдактар медыярэсурсаў Святога Пасада Андрэа Тарніелі ў сваім артыкуле падкрэслівае, што Леў XIV звярнуўся не да тых, хто шукае рэлігійнага апраўдання забойствам, а да пераважнай большасці людзей ва ўсім свеце, якія штодзённа будуюць і берагуць мір.
Папа супрацьпастаўляе шчырую малітву ідалапаклонству ўлады і грошай
Тэма захавання міру праходзіць чырвонай ніткай праз усё служэнне Льва XIV. Журналіст нагадвае пра падзеі аўторка 7 красавіка 2026 года, калі на фоне пагроз знішчэння іранскай цывілізацыі, агучаных у сацыяльных сетках прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі, Наступнік Пятра заклікаў грамадзян гэтай краіны ўплываць на палітычныя рашэнні праз чальцоў Кангрэса.
Андрэа Тарніелі звяртае ўвагу на тое, як востра Пантыфік адчувае пакуты дзяцей у Газе, Іране, Украіне і іншых рэгіёнах. Папа настойвае на тым, што Бог не можа быць на баку тых, хто чыніць расправу над мірнымі жыхарамі. Наадварот, Створца знаходзіцца там, дзе людзі пакутуюць пад руінамі і дзе паміраюць нявінныя, таму любыя спробы "прызваць" Бога на службу вайне з'яўляюцца духоўным злачынствам.
Малітва становіцца надзейнай агароджай перад вар'яцтвам усемагутнасці
Для Льва XIV малітва – гэта не ўцёкі ў абстрактную духоўнасць, а ўсведамленне чалавечых меж, што катэгарычна выключае забойства ці пагрозы. Гэта адзіны спосаб разарваць "дэманічны ланцуг зла", які ствараюць ідалы ўлады, патрабуючы ад свету стаць перад імі на калені.
Андрэа Тарніелі рэзюмуе: Пантыфік заклікае верыць не толькі ў сілу нябеснай дапамогі, але і ў "добрую палітыку".
На думку Святога Айца, сапраўдная дзяржаўная мудрасць не павінна лічыць словы "дыялог" і "перамовы" нечым непрыстойным, бо толькі праз іх можна дасягнуць спачатку перамір'я, а затым і трывалага пагаднення аб міры. Касцёл у гэты драматычны час гісторыі робіць стаўку на надзею і ціхую большасць, якая прагне жыцця без страху.