Малітоўнае чуванне ў Ватыкане: сапраўдная моц – у служэнні жыццю
Марыя Валодзіна – Vatican News
Увечары 11 красавіка 2026 года ў ватыканскай базіліцы прайшло малітоўнае чуванне ў інтэнцыі міру, падчас якога Папа звярнуўся з заклікам спыніць войны і аб’яднацца дзеля супакою і чалавечнасці.
“Дарагія браты і сёстры! Ваша малітва – гэта выраз той веры, якая, па словах Езуса, перасоўвае горы (пар. Мц 17:20). Дзякуй за тое, што адгукнуліся на запрашэнне і сабраліся тут, ля магілы святога Пятра, і па ўсім свеце, каб заклікаць да міру. Вайна падзяляе, надзея яднае. Панаванне прыніжае, любоў узвышае. Ідалапаклонства асляпляе, жывы Бог прасвятляе. Мае дарагія, дастаткова крыху веры, веры з гарчычнае зерне, каб разам, усяму чалавецтву, прайсці праз гэтую цяжкую гадзіну гісторыі”, - падкрэсліў Папа.
Малітва – гэта не спосаб ухіліцца ад адказнасці і не сродак ад болю, які выклікае несправядлівасць. Наадварот, гэта свабодны, універсальны і моцны адказ на смерць: мы – народ, які паўстае! У кожным з нас, у кожным чалавеку ёсць унутраны голас, які вядзе да міру, да сустрэчы і натхняе на малітву. Уздымем позірк! Падымемся з руін! Не дазволім замкнуць сябе ў загадзя напісаным лёсе, нават у гэтым свеце, дзе, здаецца, і магіл недастаткова, бо чалавека працягваюць укрыжоўваць, а жыццё – знішчаць без права і без літасці, - заклікаў Пантыфік.
Леў XIV узгадаў словы Яна Паўла II, які ў 2003 годзе падчас іракскага крызісу з хваляваннем заклікаў: “Ніколі больш вайны!” “Сёння вечарам я звяртаюся да вас з тым жа заклікам – ён усё яшчэ актуальны”, - сказаў Святы Айцец.
Малітва вучыць нас дзейнічаць. Абмежаваныя чалавечыя магчымасці злучаюцца ў ёй з бясконцымі магчымасцямі Бога. Тады нашы думкі, словы і ўчынкі разрываюць ланцуг зла і служаць Валадарству Божаму – Валадарству, у якім няма ні мяча, ні дрона, ні помсты, ні баналізацыі зла, ні несправядлівай эксплуатацыі, дзе пануюць годнасць, разуменне і прабачэнне. Вакол нас усё больш непрадказальнага і агрэсіўнага вар'яцтва ўсемагутнасці.
Парушаецца раўнавага чалавечай сям’і. І нават святое імя Бога, Бога жыцця, ужываецца ў смяротных прамовах. Свет, у якім мы былі братамі і сёстрамі з адным Айцом на нябёсах, знікае, і, як у начным кашмары, рэчаіснасць напаўняецца ворагамі. Усюды гучаць пагрозы, а не заклікі да слухання і сустрэчы. Але той, хто моліцца, усведамляе свае межы, не забівае і не пагражае смерцю. Наадварот, рабом смерці становіцца той, хто адвярнуўся ад жывога Бога, каб зрабіць сябе і сваю ўладу нямым, сляпым і глухім ідалам (пар. Пс 115:4-8), каб ахвяраваць усе каштоўнасці і патрабаваць пакланення ўсяго свету.
Досыць ідалапаклонства сабе і грошам! Досыць дэманстрацыі сілы! Досыць вайны! Сапраўдная моц праяўляецца ў служэнні жыццю. Мір прыносіць карысць усім – людзям, сем’ям, народам, усёй чалавечай сям’і. З мірам нічога не страчваецца, з вайной можна страціць усё, - працытаваў сваіх папярэднікаў Леў XIV.
“Аб’яднаем маральныя і духоўныя сілы мільёнаў, мільярдаў людзей, мужчын і жанчын, пажылых і маладых, тых, хто сёння верыць у мір, выбірае мір, гоіць раны і аднаўляе тое, што знішчыла вар’яцтва вайны. Я атрымліваю шмат лістоў ад дзяцей у зонах канфліктаў: у іх, праз праўду нявіннасці, адчуваецца ўвесь жах і нялюдскасць дзеянняў, якімі некаторыя дарослыя ганарліва выхваляюцца. Пачуем дзіцячы голас!” – заклікаў Святы Айцец.
“На кіраўніках народаў, безумоўна, ляжыць нязменная і вялікая адказнасць. Да іх мы заклікаем: спыніцеся! Настаў час міру! Сядзьце за сталы дыялогу і пасярэдніцтва, а не за тыя, дзе плануюць пераўзбраенне і абдумваюць дзеянні, якія нясуць смерць! Аднак не меншая адказнасць ляжыць на кожным з нас – мужчынах і жанчынах з розных краін, вялізнай супольнасці людзей, якія на справе, а не толькі на словах, адмаўляюцца ад вайны.
Малітва абавязвае нас перамяняць усё, што яшчэ застаецца ад гвалту ў нашых сэрцах і думках: перамянімся да Валадарства супакою, якое будуецца з дня ў дзень, у дамах, школах, гарадах, грамадзянскіх і рэлігійных супольнасцях, адваёўваючы прастору ў спрэчак і адчаю праз сяброўства і культуру сустрэчы. Вернемся да веры ў любоў, умеранасць і добрую палітыку. Будзем выхоўвацца і дзейнічаць асабіста, кожны паводле свайго паклікання. Кожны мае сваё месца ў мазаіцы міру!” – сцвердзіў Папа.
Ружанец, з яго рытмічным паўторам, нагадвае міратворчасць. Мір будуецца слова за словам, жэст за жэстам, кропля за кропляй, якая точыць камень, рух за рухам, які тчэ тканіну на кроснах. Гэтыя доўгія рытмы жыцця – знак Божай цярплівасці. Мы не павінны паддавацца імкліваму тэмпу свету, які сам не разумее, за чым ён гоніцца, а вярнуцца да рытму жыцця, гармоніі стварэння і лячэнню ран. Як вучыў Папа Францішак, нам неабходныя “рамеснікі міру”, гатовыя пачынаць працэсы аздараўлення і новай сустрэчы з вынаходлівасцю і адвагай. Таму што існуе “архітэктура” міру, у якую ўносяць свой уклад розныя грамадскія інстытуты, кожны ў адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй, але ёсць і “рамяство” міру, якое датычыць усіх нас, - нагадаў Леў XIV.
“Дарагія браты і сёстры! Вернемся дадому з гэтым абавязацельствам нястомнай малітвы і глыбокага навяртання сэрца. Касцёл – гэта вялікі народ, які служыць прымірэнню і міру, які ідзе наперад без ваганняў, нават калі адмаўленне логікі вайны можа выклікаць непаразуменне і пагарду. Ён абвяшчае Евангелле міру і вучыць слухацца Бога, а не людзей, асабліва калі гаворка ідзе аб бясконцай годнасці чалавека, якой пагражаюць пастаянныя парушэнні міжнароднага права”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы ўсе супольнасці стаць “дамамі міру”, дзе вучацца нейтралізаваць варожасць з дапамогай дыялогу, дзе практыкуюць справядлівасць і захоўваюць прабачэнне. “Сёння як ніколі трэба паказаць, што мір — гэта не ўтопія”, - дадаў Папа.
Людзі ўсіх моў, народаў і нацыі – адна сям’я, якая плача, спадзяецца і ўздымаецца. “Не – вайне, авантуры, з якой не вяртаюцца. Не – вайне, спіралі смутку і насілля”, - заклікаў Святы Айцец, просячы Хрыста натхніць чалавецтва будаваць мір.
