Урокі Евангелля ад бедных: новая місія кардынала Краеўскага
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Леў XIV прызначыў кардынала Конрада Краеўскага арцыбіскупам-мітрапалітам Лодзінскім. Гэтая навіна заспела іерарха ў момант духоўнай гатоўнасці да новага этапу, які ён сам называе вяртаннем дадому.
У інтэрв’ю для "Vatican News" кардынал прызнаўся, што прыняў прапанову Святога Айца з вялікай ахвотай, бо перакананы: карысць для Касцёла нараджаецца менавіта праз непасрэдную блізкасць да вернікаў.
Шлях ад цырымонімайстра да "хуткай дапамогі" папскай дабрачыннасці
За плячыма іерарха дваццаць восем гадоў працы ў Ватыкане і служэнне пры чатырох Пантыфіках. Як адзначае Бэнэдэта Капэлі з італьянскай рэдакцыі "Vatican News", Краеўскі быў побач з Янам Паўлам II у апошнія гады яго жыцця, працаваў з Бэнэдыктам XVI, а пры Францішку стаў тварам папскай дабрачыннасці. Апошнія дзесяць месяцаў ён працягваў сваю місію побач з Львом XIV. Кожны з Пантыфікаў, паводле слоў кардынала, узбагаціў Касцёл новымі акцэнтамі, якія дапамаглі яму самому вырасці чалавеча і духоўна.
Асаблівае месца ў яго сэрцы займае досвед працы ў Папаскай элемазінарыі, якую ён часта называў "хуткай дапамогай дабрачыннасці". Пад яго кіраўніцтвам пад каланадай Базілікі Святога Пятра з’явіліся душавыя, цырульня і медыцынскія пункты для бяздомных. "Маці Міласэрнасці" і "Святы Марцін" – гэтыя амбулаторыі, дзе працуюць больш за сто добраахвотнікаў, сталі сімвалам годнасці, якую Касцёл вяртае людзям з вуліцы.
Адкрытасць на патрэбы пакутнікаў вайны і бедных
У інтэрв’ю кардынал Краеўскі узгадаў і свае небяспечныя паездкі ва Украіну, дзе ён дзесяць разоў бываў ад імя Папы, дастаўляючы рэанімабілі і гуманітарную дапамогу.
Ён з усмешкай узгадвае момант, калі ў 2022 годзе трапіў пад абстрэл ва Украіне, і з болем – сустрэчы з сем’ямі ахвяр у Газе падчас Божага Нараджэння 2023 года. Гэтыя выпрабаванні навучылі яго бачыць у пакутах бліжняга самога Хрыста.
Завяршаючы сваю рымскую місію, "дон Конрада", як яго ласкава клічуць бедныя, выказаў глыбокую ўдзячнасць сваім "настаўнікам" – людзям, якія не маюць даху над галавой. Менавіта яны, паводле слоў кардынала, навучылі яго чытаць і пражываць Евангелле па-новаму. Цяпер гэты багаж любові ён вязе ў Лодзь, дзе яго чакаюць два з паловай мільёна жыхароў. Новым Элемазінарыем Папы прызначаны арцыбіскуп Марын дэ Сан Марцін.