Прызначэнні: новыя арцыбіскуп Лодзскі і Элемазінарый Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэтае прызначэнне азначае вяртанне бліжэйшага паплечніка Пантыфікаў на Радзіму, у Польшчу. Кардынал Краеўскі, які з 2013 года займаў пасаду Элемазінарыя Яго Святасці, стаў сімвалам дзейнай любові Касцёла, асабліва праз сваю працу з бяздомнымі і пакутнымі ва ўсім свеце. Яго біскупская кансэкрацыя адбылася 17 верасня 2013 года, а ў чэрвені 2018 года ён быў уведзены ў кардынальскую годнасць Папам Францішкам. З 2022 года і да гэтага часу іерарх узначальваў Дыкастэрыю па міласэрным служэнні, працягваючы місію Апостальскай элемазінарыі.
Адначасова з гэтым рашэннем Святы Айцец вызначыў пераемніка на пасадзе галоўнага дабрачынца Святога Пасада. Новым Элемазінарыем Яго Святасці і Прэфектам Дыкастэрыі па міласэрным служэнні стаў біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін, член Ордэна святога Аўгустына.
Да гэтага часу іерарх займаў пасаду падсакратара Генеральнага сакратарыята Сінода. Разам з новым прызначэннем Папа Леў XIV надаў біскупу Луісу Марыну дэ Сан Марціну тытул арцыбіскупа.
Гэты крок падкрэслівае важнасць служэння міласэрнасці ў структуры сучаснай Рымскай курыі, спалучаючы сінадальны досвед іерарха з новай адказнай місіяй непасрэднай дапамогі патрабуючым ад імя Пантыфіка.