Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Ад тэалогіі да штучнага інтэлекту: курс аб споведзі для святароў

Тэалагічныя асновы сакрамэнту пакаяння, практыка споведзі і сучасныя душпастырскія выклікі, у тым ліку звязаныя са штучным інтэлектам – некаторыя тэмы ватыканскага курса для святароў. Яго ўдзельнікі сустрэнуцца з Папам Львом XIV.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

9 сакавіка 2026 года ў Рыме распачнецца XXXVI Курс Апостальскай Пэнітэнцыярыі, прысвечаны ўнутранаму форуму (forum internum) – прасторы чалавечага сумлення. Ён адбываецца кожны год у перыяд Вялікага посту і адрасаваны святарам і кандыдатам да прыняцця сакрамэнту пасвячэння.

Магчымасць сачыць за лекцыямі анлайн

Заняткі будуць праходзіць да 13 сакавіка ў Базіліцы Сан-Ларэнца-ін-Дамаза, якая знаходзіцца ўсярэдзіне будынку Палаца-дэла-Канчэлерыя, сядзібы Апостальскай Пэнітэнцыярыі. Фізічна прысутнічаць на іх змогуць каля 500 чалавек, астатнія маюць магчымасць сачыць за лекцыямі анлайн. Семінар бясплатны, але патрабуе папярэдняй рэгістрацыі, якая ўжо завяршылася пасля дасягнення ліміту колькасці ўдзельнікаў.

Лекцыі – ад тэалагічных асноў да штучнага інтэлекту

Курс распачнецца з лекцыі кардынала Анджэла Дэ Данаціса, Вярхоўнага Пэнітэнцыярыя, на тэму: “Пакаянне, прабачэнне, адпушчэнне грахоў і выпраўленне ў святле Божага слова”. Затым да святароў звярнецца кардынал Маўра П’ячэнца, Вярхоўны Пэнітэнцыярый на пенсіі, які раскажа пра некаторыя тэалагічныя падставы сакрамэнту споведзі.

Першы дзень завершыцца дакладам біскупа Кшыштафа Ныкеля, Рэгента Апостальскай Пэнітэнцыярыі – ён пазнаёміць з парадкам дзейнасці гэтай структуры падчас разгляду пытанняў, што знаходзяцца ў яе кампетэнцыі, згодна з нормамі новай апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі “Praedicate Evangelium”.

У наступныя дні ўдзельнікі курса праслухаюць лекцыі, прысвечаныя клопату пра пэнітэнтаў, таямніцы споведзі, перашкодам, да якіх пакліканы быць уважлівымі спаведнікі і тыя, хто прыступае да сакрамэнту пакаяння, тоеснасці і місіі пасвячаных служыцеляў, каштоўнасці і сэнсу адпустаў. Не застануцца па-за ўвагай і выклікі, якія ставяць сучасныя тэхналогіі. Ксёндз Луіс Каруана – езуіт з Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта – прачытае лекцыю на тэму: “Канфесіянал і штучны інтэлект: душпастырскія ўказанні”. На завяршэнне фармацыйнай праграмы адбудзецца круглы стол з дакладчыкамі.

Сустрэча з Папам

Раніцай 13 сакавіка 2026 года ўдзельнікаў курса прыме на прыватнай аўдыенцыі Леў XIV, а ў другой палове дня яны возьмуць удзел у супольнай пакаяннай цэлебрацыі.
 

09 сакавіка 2026, 10:29