Пошук

Споведзь падчас Юбілею моладзі ў Рыме Споведзь падчас Юбілею моладзі ў Рыме  (@Vatican Media)

Ватыканскі курс для святароў: споведзь як духоўнае адраджэнне

Рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі біскуп Кшыштаф Ныкель расказаў пра важнасць сакрамэнту пакаяння, вялікую адказнасць спаведніка і падрыхтоўку святароў да гэтай далікатнай місіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 9 па 13 сакавіка ў Рыме пройдзе XXXVI Курс Апостальскай Пэнітэнцыярыі, прысвечаны ўнутранаму форуму (forum internum) – прасторы чалавечага сумлення. Кульмінацыяй падзеі стане аўдыенцыя ў Льва XIV і супольная цэлебрацыя сакрамэнту пакаяння.

Напярэдадні курса біскуп Кшыштаф Ныкель у інтэрв'ю ватыканскім СМІ падзяліўся думкамі пра тое, што споведзь з'яўляецца "жыватворнай крыніцай, у якой аб'яўляецца моц ласкі". Ён падкрэсліў, што адказнасць спаведніка велізарная, бо сустрэча ў канфесіянале "будуе Касцёл нябачным, але рэальным чынам".

"Вернасць гэтаму ціхаму і пакорнаму служэнню з'яўляецца сёння адной з фундаментальных задач душпастыраў", - адзначыў іерарх. Паводле яго слоў, гэта не проста адзін з элементаў працы святара, а месца, дзе Касцёл рэалізуе сваю місію паяднання.

Курс дапамагае святарам не толькі засвоіць кананічнае права, але і навучыцца разважліва прымяняць нормы ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях. Канфесіянал трэба разумець як прастору сустрэчы з асобай, яе гісторыяй і маральнымі драмамі. Спаведнік павінен быць не дамінантам, а слугой, які дбае пра духоўную карысць чалавека.

Біскуп называе споведзь "сакрамэнтам надзеі", бо яна дае рэальную магчымасць новага пачатку. Вопыт Юбілейнага 2025 года паказаў жывучасць гэтай практыкі: у рымскіх базіліках многія людзі вярталіся да сакрамэнту пасля шматгадовага перапынку. Сучасны свет часта пакідае чалавека ў экзістэнцыяльнай пустэчы, але адначасова расце гатоўнасць да глыбокіх рэлігійных пошукаў.

Біскуп акцэнтаваў увагу на тым, што святар у канфесіянале дзейнічае не ад свайго імя – ён толькі "канал" Божай ласкі, які сам застаецца грэшнікам і патрабуе міласэрнасці.

Падчас нядаўняй сустрэчы з моладдзю Леў XIV нагадаў: "Грэх ніколі не мае апошняга слова". Біскуп Ныкель дадаў, што маладыя людзі сёння шукаюць на споведзі не толькі адпушчэння грахоў, але і духоўнага дыялогу.

Касцёл як ніколі мае патрэбу ў добрых святарах, якія разумеюць, што "канфесіянал – гэта дом Міласэрнасці і ціхае месца сустрэчы з міласэрнай любоўю Бога", рэзюмаваў іерарх.
 

04 сакавіка 2026, 09:26