Рэгіянальная канферэнцыя ФАО ў Бразіліі, 2-6 сакавіка 2026 года Рэгіянальная канферэнцыя ФАО ў Бразіліі, 2-6 сакавіка 2026 года  (ANSA)

Святы Пасад заклікаў да больш устойлівых аграхарчовых сістэм

Да комплекснага вырашэння экалагічных, эканамічных і сацыяльных праблем сельскай гаспадаркі заклікаў пастаянны назіральнік Святога Пасада пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ФАО).

Марыя Валодзіна – Vatican News

Мансеньёр Фэрнанда Арэльяна прыняў удзел у 39-й сесіі Рэгіянальнай канферэнцыі ФАО па Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне, якая 2-6 сакавіка 2026 года праходзіць у Бразіліі. Ён заклікаў краіны рэгіёна актыўна скарачаць разрыў у сельскагаспадарчай прадукцыйнасці і паскорыць пераход да ўстойлівых аграхарчовых сістэм.

Прадстаўнік Святога Пасада адзначыў, што рэгіён валодае ўнікальнай біяразнастайнасцю, якая можа стаць важным фактарам умацавання глабальнай харчовай бяспекі, аднак усё часцей сутыкаецца з наступствамі стыхійных бедстваў, якія паглыбляюць голад, беднасць і дэградацыю навакольнага асяроддзя. Асаблівую занепакоенасць выклікае кліматычны крызіс, драматычныя наступствы якога адчуваюцца ўжо сёння і ставяць пад пагрозу харчовую бяспеку.

Дыпламат нагадаў словы Льва XIV, сказаныя ў кастрычніку 2025 года ў штаб-кватэры ФАО, аб тым, што голад – гэта “наш калектыўны правал, этычная анамалія і гістарычная віна”. Ён падкрэсліў неабходнасць комплекснага падыходу да развіцця сельскай гаспадаркі, які б улічваў экалагічныя, эканамічныя і сацыяльныя аспекты. Ён заклікаў урады інтэграваць палітыку, тэхналогіі і інавацыі, каб павысіць прадукцыйнасць і адначасова захаваць прыродныя рэсурсы і сродкі да існавання людзей.

Ватыканскі назіральнік нагадаў пра важную ролю навукі і інавацый для развіцця ўстойлівых сельскагаспадарчых мадэляў, пры гэтым выкарыстанне тэхналогій павінна быць заўсёды заснавана на этыцы і абароне чалавечай годнасці. Любыя змены ў экасістэмах павінны выконвацца з улікам іх уплыву на іншыя часткі прыроднага асяроддзя, а таксама на дабрабыт будучых пакаленняў, - адзначыў ён.

06 сакавіка 2026, 12:23