Святы Айцец у ФАО: голад – агульная параза чалавецтва
Марыя Валодзіна - Vatican News
16 кастрычніка 2025 года, у Сусветны дзень харчавання, Леў XIV прыняў удзел ва ўрачыстасцях, якія адбыліся ў штаб-кватэры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) у Рыме. Сёлета гэтае спецыялізаванае агенцтва ААН адзначае 80-годдзе.
Тэма Сусветнага дня харчавання – “Рука ў руцэ – дзеля паляпшэння якасці харчавання і лепшай будучыні” – падкрэслівае неабходнасць супрацоўніцтва паміж краінамі, арганізацыямі і грамадзянамі дзеля барацьбы з голадам, паляпшэння харчовых сістэм і стварэння больш справядлівага і ўстойлівага свету.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел каралева Іспаніі Летысія, кароль Лесота Летсіе III, прэм'ер-міністр Італіі Мелоні, прэзідэнт Уругвая Мартынес, былы генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун і іншыя. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш звярнуўся да ўдзельнікаў цырымоніі з адмысловым зваротам.
У сваёй прамове на іспанскай і англійскай мовах Папа Леў XIV выказаў шчырую падзяку за запрашэнне і адзначыў, што яго прысутнасць на цырымоніі – гэта працяг традыцыі яго папярэднікаў, якія заўсёды падтрымлівалі місію ФАО. Святы Айцец падкрэсліў, што барацьба з голадам – гэта справа не толькі прадпрымальнікаў, чыноўнікаў ці палітычных дзеячаў. Гэта праблема, у вырашэнне якой павінны ўнесці ўклад усе мы: міжнародныя арганізацыі, урады, грамадскія інстытуты, НДА, акадэмічныя ўстановы і грамадзянская супольнасць. Той, хто пакутуе ад голаду, — не чужынец, гэта мой брат, і я павінен дапамагчы яму без прамаруджвання, - сцвердзіў Святы Айцец.
Галадае 673 мільёны чалавек
Пантыфік нагадаў, што, нягледзячы на тэхналагічны, навуковы і вытворчы прагрэс, 673 мільёны чалавек у свеце ўсё яшчэ кладуцца спаць галоднымі, а амаль два з паловай мільярды чалавек не могуць дазволіць сабе паўнавартаснага харчавання. За кожнай лічбай стаіць чалавечая драма – маці, якая не мае чым накарміць сваіх дзяцей; дзеці, якія пакутуюць ад недаядання. Папа назваў голад не выпадковасцю, а відавочнай прыкметай панавання бессардэчнасці, бяздушнай эканомікі, сумнеўнай мадэлі развіцця і несправядлівай і неўстойлівай сістэмы размеркавання рэсурсаў. Па яго словах, гэта наш калектыўны правал, этычная анамалія і гістарычная віна.
Выкарыстанне голаду ў якасці зброі
Святы Айцец асудзіў выкарыстанне голаду ў якасці зброі ў ваенных канфліктах. Гэта супярэчыць гуманітарнаму праву і з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці. Ён нагадаў пра рэзалюцыю Савета Бяспекі ААН, якая асуджае наўмыснае выкарыстанне голаду ў якасці метаду вайны. Здаецца, усё гэта было забыта, паколькі мы з болем назіраем пастаяннае выкарыстанне гэтай жорсткай стратэгіі, якая асуджае мужчын, жанчын і дзяцей на голад, адмаўляючы ім у самым элементарным праве: праве на жыццё. Ніхто не можа застацца ўбаку ад упартай барацьбы з голадам. Гэта бітва ўсіх, - заявіў Папа.
Марнатраўства ежы
Леў XIV звярнуў увагу на абуральныя парадоксы сучаснасці: марнуюцца тоны прадуктаў, у той час як мноства людзей шукаюць ежу ў сметніках. Як растлумачыць няроўнасць, якая дазваляе нешматлікім мець усё, а многім – не мець нічога? – спытаў Святы Айцец. Ён заклікаў свет абудзіцца ад згубнага летаргічнага сну і спыніць жахлівыя відовішчы, якія адбываюцца ў шматлікіх рэгіёнах, як мага хутчэй. Нельга абмяжоўвацца абвяшчэннем каштоўнасцяў, неабходна іх увасабляць. Лозунгі не пазбаўляюць галечы, недастаткова заклікаць да салідарнасці: трэба гарантаваць харчовую бяспеку, доступ да рэсурсаў і ўстойлівае развіццё сельскіх раёнаў, - сказаў Папа.
Роля жанчын ў харчовай бяспецы
Асаблівую ўвагу Папа надаў ролі жанчын у барацьбе з голадам і захаванні стварэння. Ён назваў жанчын “ціхімі архітэктарамі выжывання”, якія першымі клапоцяцца пра хлеб для сям’і, сеюць надзею і змагаюцца за годную будучыню. Прызнанне і падтрымка іх працы з’яўляецца не толькі пытаннем справядлівасці, але і гарантыяй больш чалавечнага і ўстойлівага харчавання.
Шматбаковае супрацоўніцтва
Леў XIV падкрэсліў важнасць мультылатэралізму і адмовы ад аўтакратычных спакус у свеце, дзе ўсе нацыі ўзаемазалежныя. Ён заклікаў міжнародную супольнасць пераасэнсаваць спосабы супрацоўніцтва, пачуць галасы бедных краін, а не навязваць ім рашэнні, распрацаваныя ў далёкіх офісах без уліку іх культур, рэлігійных традыцый і звычаяў. Неабходна пабудаваць бачанне, якое дазволіць кожнаму ўдзельніку міжнароднай арэны больш эфектыўна і своечасова рэагаваць на рэальныя патрэбы людзей, - адзначыў Папа.
Народы-пакутнікі
Пантыфік прыгадаў народы, якія пакутуюць ад вайны і голаду ва Украіне, Газе, Гаіці, Афганістане, Малі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Емене, Паўднёвым Судане і ў іншых краінах, і заклікаў міжнародную супольнасць не адварочвацца, а прыняць іх боль як свой. Сваім бяздзеяннем мы становімся саўдзельнікамі несправядлівасці. Мы не можам спадзявацца на лепшы свет, на светлую і мірную будучыню, калі не гатовыя дзяліцца тым, што атрымалі, - сказаў ён.
Салідарнасць і падтрымка Святога Пасада
Напрыканцы прамовы Папа благаславіў супрацоўнікаў ФАО, заклікаўшы іх не стамляцца ў служэнні справядлівасці і надзеі. Ён нагадаў евангельскія словы: “Вы дайце ім есці” (Мк 6:37), падкрэсліваючы, што кожны чалавек мае не толькі фізічны, але і духоўны голад па веры, надзеі і любові, і толькі сумесныя дзеянні могуць яго задаволіць. Папа запэўніў ФАО ў тым, што арганізацыя можа заўсёды разлічваць на салідарнасць і падтрымку Святога Пасада і Касцёла ў служэнні бедным і абяздоленым па ўсім свеце.
Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ФАО) была заснаваная 16 кастрычніка 1945 года. У яе склад уваходзяць 194 дзяржавы-члены і Еўрапейскі саюз. Мэта ФАО – ліквідацыя голаду і беднасці, развіццё ўстойлівай сельскай, рыбнай і лясной гаспадаркі, а таксама захаванне прыродных рэсурсаў. Арганізацыя аказвае падтрымку дзяржавам-членам у распрацоўцы палітыкі і стратэгій у галіне харчавання і сельскай гаспадаркі. Генеральным дырэктарам ФАО з’яўляецца Цюй Дун’юй. Афіцыйныя мовы арганізацыі – англійская, французская, іспанская, арабская, кітайская і руская. Дэвіз арганізацыі – “Fiat Panis” (“Няхай будзе хлеб”).
