Папскі прапаведнік: мір нараджаецца з адвагі стаць малымі

Першае велікапоснае казанне айца Раберта Пазаліні прагучала раніцай 6 сакавіка 2026 года ў Зале Паўла VI у прысутнасці Льва XIV. Яго тэмай стала навяртанне і наследаванне Хрыста на шляху пакоры ў святле жыцця святога Францішка.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прапаведнік Папскага дома адзначыў, што навяртанне святога Францішка было свабодным адказам на ініцыятыву Бога, які перамяніў усю яго істоту і паставіў на шлях вяртання да пакоры.

Пакора вяртае сапраўдную веліч

“Пакора – гэта шлях, які кожны ахрышчаны павінен прайсці, калі хоча цалкам прыняць ласку жыцця ў Хрысце”, - сцвердзіў капуцын, запэўніваючы, што яна “не робіць чалавека бяднейшым, але вяртае яму самога сябе. Не робіць яго меншым, але вяртае яму яго сапраўдную веліч”.

Святло ззяе ў цемры

Айцец Пазаліні заўважыў, што пакора вельмі патрэбная сучаснаму свету. “Часта мы думаем, што евангельская маласць магчымая толькі тады, калі ўсё ідзе добра. На самай справе адбываецца наадварот: менавіта ў канфліктах і цяжкасцях яна становіцца найбольш неабходнай. Калі інстынкт штурхае абараняцца або дамінаваць, тады бачна, ці сапраўды мы навучыліся Евангеллю крыжа. Святло ж паказвае сваю моц не тады, калі ўсё ясна, а тады, калі пануюць цемра і змрок”, - дадаў прапаведнік.

Мір нясуць людзі, здольныя стаць малымі

“У дні, якія зноў пазначаны болем і гвалтам, гаварыць пра маласць можа здавацца абстрактнай тэмай, амаль духоўнай раскошай. На самай справе гэта канкрэтная адказнасць, звязаная з лёсам свету. Мір не нараджаецца толькі дзякуючы палітычным дамовам або стратэгічным ці ваенным стратэгіям, але дзякуючы людзям, якія знаходзяць у сябе адвагу стаць малымі: здольнымі зрабіць крок назад, адмовіцца ад гвалту ва ўсіх яго формах, не паддавацца спакусе помсты і панавання, выбіраць дыялог нават калі абставіны, здаецца, выключаюць гэтую магчымасць”, - сцвердзіў айцец Пазаліні.

Вярнуцца да пакоры

Прапаведнік Папскага дома адзначыў, што вяртанне да пакоры – гэта складаная, штодзённая праца, але “мы не можам адкладаць яе ці дэлегаваць іншым”. “Той, хто лічыць сябе Божым дзіцём, ведае, што гэта навяртанне сэрца датычыць яго асабіста”, – сцвердзіў манах.
 

06 сакавіка 2026, 11:32