Велікапосныя казанні ў Ватыкане: шляхам святога Францішка
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Велікапосныя казанні будуць праходзіць у ватыканскай Зале Паўла VI кожную пятніцу раніцай з 6 па 27 сакавіка 2026 года, - паведаміла Прэфектура Папскага дома.
Духоўныя разважанні для ўсіх
“У кантэксце 800-годдзя смерці святога Францішка Асізскага гэты новы год ласкі заклікае нас захоўваць дар, атрыманы падчас Юбілею надзеі, і дазволіць яму саспець як сапраўднае навяртанне да Евангелля”, - напісаў айцец Пазаліні ў запрашэнні, адрасаваным кардыналам, арцыбіскупам і біскупам, прэлатам Папскай сям’і, супрацоўнікам Рымскай курыі, Губернатарата Дзяржавы Ватыкан і Вікарыята Рыма, генеральным настаяцелям і пракуратарам манаскіх супольнасцей, якія належаць да Папскай капэлы, семінарый і калегіўмаў Рыма, кавалерам Яго Святасці, супрацоўнікам антыкамеры і ўсім, хто жадае прыняць удзел у духоўнай падрыхтоўцы да Вялікадня.
Юбілей святога Францішка
Тэма велікапосных казанняў упісваецца ў кантэкст Юбілейнага года святога Францішка, які праходзіць у Касцёле з 10 студзеня 2026 па 10 студзеня 2027 года з нагоды 800-й гадавіны яго смерці.
Айцец Раберта Пазаліні заўважыў, што досвед святога Францішка “застаецца светлым сведчаннем новага чалавецтва, народжанага ад сустрэчы з Хрыстом”. Яго шлях – гэта “евангельскае падарожжа”, якое вядзе “да дасканалай радасці, саспелай у выпрабаваннях і цярпеннях”; ён “не з’яўляецца ўзорам для знешняга пераймання, але ўнутраным шляхам, які можа ажывіць імкненне да Евангелля і новага жыцця ў Духу”, - падкрэсліў прапаведнік Папскага дома.
Праграма велікапосных казанняў
Першае велікапоснае казанне пройдзе ў Ватыкане 6 сакавіка на тэму: “Навяртанне. Ідучы за Панам Езусам па шляху пакоры”; другое – 13 сакавіка на тэму: “Братэрства. Ласка і адказнасць братэрскай еднасці”; трэцяе – 20 сакавіка на тэму: “Місія. Абвяшчаць Евангелле ўсяму стварэнню”; і чацвёртае – 27 сакавіка на тэму: “Свабода Божых дзяцей. Дасканалая радасць і смерць як сястра”.