Прапаведнік Папскага дома айцец Раберта Пазаліні Прапаведнік Папскага дома айцец Раберта Пазаліні  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Айцец Пазаліні: нягледзячы на войны, зерне новай цывілізацыі пасеяна

Прапаведнік Папскага дома патлумачыў тэмы чатырох велікапосных казанняў, якія будуць прахадзіць у Ватыкане кожную пятніцу з 6 па 27 сакавіка 2026 года. У сваіх разважаннях ён закране тэмы навяртання, братэрства, місіі і свабоды – на прыкладзе святога Францішка Асізскага.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У інтэрв’ю журналісту Сальваторэ Чэрнуцыа з італьянскай рэдакцыі “Vatican News” айцец Раберта Пазаліні падкрэсліў, што галоўная тэма любога казання заўсёды – Езус Хрыстус, Яго Пасха і дар новага жыцця, які чалавек атрымлівае праз Святога Духа. У сувязі з тым, што сёлета адзначаецца 800-годдзе з дня смерці святога Францішка Асізскага, для яго як францішканіна было натуральна звярнуцца менавіта да гэтай постаці. “Калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне (2 Кар 5,17). Навяртанне да Евангелля паводле святога Францішка” – так гучыць тэма яго сёлетніх велікапосных казанняў.

На пытанне аб тым, як у свеце, поўным войнаў, напружання і страху, захаваць надзею, айцец Пазаліні адказаў, што хрысціянская надзея нясе знак крыжа: яна адначасова і светлая, і крохкая. Бог вырашыў кіраваць светам з любоўю, паважаючы свабоду чалавека. Ён сур’ёзна ставіцца да зла і гвалту, але адказвае на іх толькі сілай дабра. Таму шлях да міру павольны. Ён залежыць ад сэрцаў і розумаў людзей, гатовых прыняць логіку крыжа і праяўляць пакорлівую мужнасць у канфліктах. І ўсё ж, нягледзячы на войны, насенне новай цывілізацыі – цывілізацыі братэрства – ужо пасеяна. Праблема ў тым, што шум войнаў часта заглушае ціхі рост дабра. Нам цяжка паверыць, што пакорлівая сіла любові ўрэшце прынясе трывалыя плады справядлівасці і міру, - зазначыў прапаведнік.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці будзе сучасная сітуацыя закранута ў разважаннях, айцец Пазаліні сказаў, што яго галоўная задача не ў гэтым, аднак толькі вельмі абстрактнае разуменне веры можа аддзяліць Евангелле ад рэальнага жыцця. “Часта мы думаем, што з аднаго боку ёсць хрысціянскія каштоўнасці, а з другога – рэальнасць з яе напружанасцю. Але гэта прыкмета таго, што хрысціянства зводзіцца да тэорыі або недасягальнага ідэалу”, - сказаў прапаведнік. Але калі Евангелле сапраўды кранае чалавека, яно адразу ж змяняе яго лад жыцця. Змяняючыся самі, людзі могуць змяняць і свет – становяцца больш здольнымі любіць, будаваць справядлівасць і пашыраць братэрства.

Асобна прапаведнік закрануў праблему славеснай агрэсіі. Ён адзначыў, што боль прычыняюць не толькі словы, але і тон і намеры. Мы становімся агрэсіўнымі, калі гаворым, не слухаючы. Калі думаем, што ўжо ведаем іншага чалавека, не спрабуючы зразумець яго. Калі гаворым толькі пра сябе. Калі не выбіраем словы і не думаем пра іх уплыў. Сапраўднае раззбраенне мовы пачынаецца з простага пытання: ці гатовыя мы прыкласці намаганні для дыялогу і пабудаваць паважлівыя і раўнапраўныя адносіны?

Гаворачы пра актуальнасць святога Францішка, айцец Пазаліні адзначыў, што яго прыклад нагадвае нам: Бог жывы і можа прысутнічаць у жыцці чалавека, калі той дасць Яму месца. Святы Францішак звяртаецца да сэрца кожнага, бо закранае самыя глыбокія чалавечыя патрэбы – жыць як браты і сёстры, з удзячнасцю ставіцца да стварэння і будаваць больш справядлівае і мірнае суіснаванне. Ён паказвае, што жыццё ў згодзе з Богам робіць людзей больш чалавечнымі, простымі і братэрскімі, - падкрэсліў прапаведнік Папскага дома.

06 сакавіка 2026, 10:57