Пошук

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін перад рэліквіяй святога Францішка Асізскага Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін перад рэліквіяй святога Францішка Асізскага 

Паралін: святы Францішак прапануе свету шлях радасці і братэрства

Святы Францішак прапануе сучаснаму свету, поўнаму трывогі, эканамічных крызісаў і войнаў, шлях радасці, сціпласці і братэрства, - падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар на Імшы з нагоды ўшанавання рэліквіі святога ў Асізі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Набажэнства, прысвечанае 800-й гадавіне смерці святога Францішка, адбылося ў Асізі 15 сакавіка 2026 года. Упершыню ў гісторыі яго парэшткі паказалі вернікам.

“Тэрапія” для сучаснага свету

Аскетызм, уменне радавацца малым рэчам, адчуваць сябе братамі ўсіх і ўсяго – гэта дзейсная тэрапія, якую святы Францішак Асізскі прапануе свету, які характарызуецца “нястрымным жаданнем валодаць, раскошай, марнатраўствам, павярхоўнасцю і спажывальніцтвам”, - падкрэсліў іерарх у гаміліі. Ён заўважыў, што пасланне Асізскага Бедняка актуальнае для пакалення, якое пакутуе ад трывогі і суму, выкліканых беспрацоўем, эканамічнымі крызісамі, кліматычнымі праблемамі і войнамі ўсіх супраць усіх і ўсяго.

Непераадольны чалавечы і духоўны магнетызм

Кардынал Паралін нагадаў эпізод з кнігі “Кветачкі святога Францішка”, у якім адзін з паплечнікаў пытаецца, чаму за святым ідзе ўвесь свет, хоць ён і не вылучаецца ні прыгажосцю, ні вучонасцю, ні шляхетнасцю. Бядняк адказаў, што погляд "святых вачэй Бога" ніколі не спыняўся на больш грэшным і горшым чалавеку, чым ён. І ўсё ж ім захапляліся такія геніі Сярэднявечча, як Джота і Дантэ, - нагадаў Дзяржсакратар.

На думку іерарха, сапраўдная прычына такой прывабнасці заключаецца ў чалавечай і духоўнай постаці святога Францішка. Яго першы біёграф Тамаза да Чэлана апісваў яго як чалавека лагоднага характару і спакойнай натуры. Ён ветліва размаўляў, асцярожна настаўляў, сумленна выконваў даручаныя яму справы, даваў мудрыя парады і плённа працаваў. Ён быў добразычлівым ва ўсім, меў спакойны розум, мяккае сэрца і сціплы дух, любіў малітву і сузіранне, і быў заўсёды поўны энтузіязму.

Брат усім і ўсяму

Кардынал Паралін звярнуў увагу на тры рысы святога: дасканалую радасць, высокую беднасць і ўсеагульнае братэрства. Асізскі святы ўмеў "пакорліва, цярпліва і радасна" прымаць цяжкасці жыцця. Яго беднасць была не толькі аскетычнай практыкай, але і спосабам быць максімальна падобным да Хрыста. Ён адчуваў сябе братам усяго і кожнага: людзей, тварэння, Сусвету, нават смерці.

Завяршаючы гамілію, іерарх нагадаў, што славуты “Гімн стварэння” святы Францішак напісаў у час крызісу і цемры, унутранай і знешняй. Яго час нагадвае сённяшні, калі “цемра вайны, здаецца, засланяе святло надзеі”. Дзяржаўны сакратар пажадаў усім "міру і дабра” і заклікаў маліцца словамі святога Францішка, просячы Бога асвятліць цемру сэрцаў і даць “праўдзівую веру, моцную надзею, дасканалую любоў і глыбокую пакору”.

16 сакавіка 2026, 11:26