Асізі: тысячы пілігрымаў ушаноўваюць рэліквіі святога Францішка
Аляксандр Панчанка - Vatican News
21 лютага 2026 года рэліквіі Асізскага Бедняка былі выняты з саркафага і ўпершыню выстаўлены для публічнага ўшанавання. Нагодай для падзеі стала 800-годдзе яго смерці: святы Францішак адышоў у вечнасць 4 кастрычніка 1226 года.
Урачыстая цырымонія
Урачысты перанос рэліквій з крыпты Базілікі Святога Францішка ў ніжні храм узначаліў Папскі легат кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ. Цырымонія прайшла ў прысутнасці 300 францішканаў з розных краін свету.
Ціхая радасць і малітва
Выстаўленне працягнецца да 22 сакавіка. У першы дзень рэліквіі ўшанавалі каля 18 тысяч пілігрымаў – амаль паўтары тысячы вернікаў кожную гадзіну.
“Тысячы людзей у атмасферы засяроджанасці, але таксама і радасці, увайшлі ў базіліку, каб пакланіцца смяротным парэшткам святога Францішка і пачуць у сваіх сэрцах яго ціхае слова дабрыні, якое падтрымлівае і дапамагае нам узрастаць. Адчувальным знакам гэтай радаснай і ўрачыстай атмасферы з’яўляецца цішыня, якая напаўняе базіліку: ніякіх смартфонаў, ніякіх сэлфі, толькі глыбокія эмоцыі і духоўнасць”, - падзяліўся айцец Джуліа Чэзарэа, кіраўнік аддзела камунікацый асізскага францішканскага кляштару Сакра-Канвента.
Рэгістрацыя пілігрымаў
Каб атрымаць магчымасць падысці да парэшткаў святога, трэба зарэгістравацца на сайце sanfrancescovive.org. Гэта ўжо зрабілі каля 400 тысяч чалавек. На цяперашні момант для запісу застаюцца апошнія свабодныя даты.
Вернікі з усяго свету
Найбольшая колькасць пілігрымаў, якія прыбудуць пакланіцца рэліквіям святога Францішка Асізскага, будзе з Італіі – амаль 80 працэнтаў ад агульнай колькасці зарэгістраваных. Чакаецца таксама каля пяці тысяч пілігрымаў з ЗША, каля трох тысяч з Харватыі, дзве тысячы вернікаў са Славакіі, па паўтары тысячы з Бразіліі і Францыі. Ахвотныя ўшанаваць парэшткі Асізскага Бедняка прыбудуць таксама з Польшчы, Вялікабрытаніі, Інданезіі, Японіі, Кеніі, Ямайкі, Сінгапура і іншых краін. Пілігрымам дапамагаюць каля 400 валанцёраў, якія таксама прыбылі ў Асізі з розных частак свету.