Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін  (ANSA)

Кардынал Паралін: пакласці канец глупству вайны

Вялікдзень – гэта свята міру, нагадаў кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін, заклікаўшы пакласці канец вайне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Дзяржаўны сакратар адказваў на пытанні журналістаў у кулуарах мерапрыемства, прысвечанага італьянскаму палітыку Альчыдэ Дэ Гасперы, якое 26 сакавіка 2026 года прайшло ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы.

Думка пра Святую Зямлю

Ён выказаў спадзяванне на тое, што ў Святой Зямлі, нягледзячы на абмежаванні, усё ж будзе магчымасць правесці набажэнствы Вялікага тыдня, прынамсі, у святынях, такіх як Гроб Пана. "Вялікдзень – гэта свята міру, міру Уваскрослага Пана, і таму гэта асаблівая магчымасць аднавіць заклік пакласці канец глупству, якім з'яўляецца вайна", - сказаў іерарх.

Супрацоўніцтва дзеля агульнага дабра Італіі

Што тычыцца палітычнай сітуацыі ў Італіі, кардынал Паралін адзначыў актыўны ўдзел грамадзян у нядаўнім рэферэндуме па пытаннях юстыцыі. У святле некаторай палітычнай напружанасці ў італьянскім урадзе, ён зазначыў, што канфлікты не прыносяць карысці грамадству, і заклікаў да супрацоўніцтва і ўзаемаразумення дзеля агульнага дабра краіны. Ён прапанаваў бакам "паспрабаваць дасягнуць сінэргіі. Кожны са сваім пунктам гледжання, кожны са сваім унёскам, але на карысць краіны".

Перадача каштоўнасцей моладзі

Адказваючы на пытанне пра нядаўні інцыдэнт у Бергама, калі 13-гадовы вучань параніў нажом на настаўніцу, кардынал Паралін закрануў тэму адукацыі і выхавання моладзі. Ён адзначыў, што з аднаго боку неабходны нормы па прадухіленню такіх эпізодаў, з іншага боку, важна перадаваць правільныя жыццёвыя каштоўнасці. "Гэта ў асноўным пытанне адукацыі", - дадаў іерарх, пажадаўшы школе стаць "месцам, дзе людзі вучацца жыць разам, паважаць іншых і быць канструктыўнымі".

Літургія не павінна быць прычынай канфлікту

Што тычыцца літургіі, кардынал Паралін адзначыў, што старажытная лацінская Імша (Vetus Ordo) не павінна станавіцца прычынай канфліктаў і падзелаў у Касцёле. Ён заклікаў шукаць рашэнні, якія б задаволілі законныя патрэбы вернікаў, не ператвараючы літургію ў поле бітвы.

26 сакавіка 2026, 15:06