Дэ Гасперы ў Ватыканскай бібліятэцы: паміж ізаляцыяй і прароцтвам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
26 сакавіка 2026 года ў Ватыкане пройдзе навуковая канферэнцыя пад назвай “Дзяржаўны дзеяч у выгнанні паміж ізаляцыяй і прароцтвам”. Форум будзе прысвечаны перыяду працы Дэ Гасперы ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы ў перыяд фашысцкай дыктатуры.
Ватыкан – прытулак для праціўнікаў таталітарызму
У часы станаўлення таталітарызму ў Італіі Дэ Гасперы прайшоў праз турэмнае зняволенне, пасля чаго знаходзіўся пад пільным кантролем паліцыі і меў забарону на ўдзел у грамадскай дзейнасці. Апынуўшыся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, у 1929 годзе ён змог уладкавацца на працу ў папскую бібліятэку, супрацоўнікам якой быў цягам наступных дванаццаці гадоў.
Інтэлектуальны еўрапейскі асяродак
У ватыканскім асяроддзі Дэ Гасперы пазнаёміўся з многімі касцельнымі інтэлектуаламі таго часу і меў магчымасць глыбока вывучаць актуальныя грамадска-палітычныя праблемы. Менавіта тады сфармаваліся яго асноўныя погляды і ідэі, якія ён рэалізаваў у пасляваенны перыяд.
“Цяпер мы лепш ведаем пра Ватыканскую бібліятэку таго часу, якая была адным з найважнейшых інтэлектуальных цэнтраў ва ўсёй Еўропе – цэнтрам, свабодным ад палітычных перспектыў і больш еўрапейскім, чым італьянскім. І гэта, бясспрэчна, пайшло на карысць Дэ Гасперы”, - заўважыў у каментары для “Vatican News” Антоніа Манфрэдзі з Каталіцкага ўніверсітэта Святога Сэрца ў Мілане, адзін з арганізатараў форуму.
Канферэнцыя ў бібліятэцы
Канферэнцыя пачнецца з прывітання кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна, пасля чаго слова возьме Архівіст і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла, арцыбіскуп Джавані Чэзарэ Пагацы. Даклады ўдзельнікаў будуць прысвечаны дзейнасці Ватыканскай апостальскай бібліятэкі ў міжваенны перыяд, якая ў той час стала прытулкам для многіх праціўнікаў таталітарных рэжымаў, і ўплыву гэтага асяроддзя на Альчыдэ Дэ Гасперы. Вынікамі сваіх даследаванняў падзеляцца навукоўцы з розных папскіх і італьянскіх універсітэтаў.