Святая Імша з нагоды адкрыцця судовага года ў Ватыкане Святая Імша з нагоды адкрыцця судовага года ў Ватыкане  (@Vatican Media)

Паралін: правасуддзе павінна весці да выпраўлення асуджанага

Спрыяць духоўнаму навяртанню асуджаных і іх вяртанню ў грамадства заклікаў кардынал Паралін супрацоўнікаў ватыканскай прававой сістэмы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

14 сакавіка 2026 года з нагоды адкрыцця новага судовага года у капліцы святога Паўла Апостальскага палаца прайшла ўрачыстая Святая Імша для членаў Трыбунала Дзяржавы Ватыкан. Яе ўзначаліў Дзяржаўны сакратар, кардынал П’етра Паралін.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што чалавечая справядлівасць павінна імкнуцца да поўнага чалавечага і сацыяльнага аднаўлення асуджанага, падобна таму як Божая справядлівасць "клапоціцца, любіць, ратуе і даруе грэшніку, які пакаяўся".

Кардынал Паралін заклікаў правасуддзе не вымяраць вартасці і недахопы чалавека, а рабіць стаўку на яго перавыхаванне і духоўнае навяртанне, якое прывядзе да пакаяння і пакорлівага прызнання памылак. На яго думку, гэтая мэта павінна быць цэнтральнай у прававой сістэме Святога Пасада, каб асуджаны, адбыўшы пакаранне, змог паўнавартасна вярнуцца ў супольнасць і ўнесці станоўчы ўклад у яе жыццё.

Дзяржсакратар таксама падкрэсліў, што работнікі сферы юстыцыі павінны мець не толькі багаж тэхнічных і прафесійных ведаў, але і моцныя чалавечыя якасці. Яны павінны ісці асабістым духоўным шляхам навяртання і блізкіх адносін з Богам. Вялікі пост – спрыяльны час, каб наноў распачаць гэты шлях, - нагадаў іерарх.

Імша ў Паўлінскай капліцы Апостальскага палаца для супрацоўнікаў ватыканскага Трыбунала
Імша ў Паўлінскай капліцы Апостальскага палаца для супрацоўнікаў ватыканскага Трыбунала   (@Vatican Media)
14 сакавіка 2026, 15:36