Пошук

Леў XIV: справядлівасць – адзін з наймацнейшых фактараў адзінства

Справядлівасць, калі яна здзяйсняецца з раўнавагай і вернасцю праўдзе, становіцца адным з самых моцных фактараў адзінства ў грамадстве, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

14 сакавіка 2026 года, з нагоды інаўгурацыі новага судовага года, Леў XIV прыняў на аўдыенцыі членаў Трыбунала Дзяржавы Ватыкан. У сваім звароце ён засяродзіўся на сувязі паміж справядлівасцю і адзінствам, нагадаўшы, што хрысціянская традыцыя заўсёды лічыла справядлівасць фундаментальнай цнотай для ўпарадкавання асабістага і грамадскага жыцця.

Парадак справядлівасці вынікае з парадку любові

Пантыфік спаслаўся на вучэнне святога Аўгустына, які сцвярджаў, што парадак справядлівасці вынікае з парадку любові. “Калі любоў упарадкавана належным чынам, калі Бог знаходзіцца ў цэнтры, а бліжні прызнаецца ў яго годнасці, тады ўсё асабістае і грамадскае жыццё зноў набывае правільны кірунак. З гэтага парадку любові нараджаецца парадак справядлівасці. Сапраўдная любоў ніколі не бывае адвольнай ці хаатычнай, але прызнае праўду адносін і годнасць кожнага чалавека. Таму справядлівасць – гэта не проста юрыдычны прынцып, але цнота, якая спрыяе будаванню адзінства і робіць жыццё супольнасці больш стабільным”, - сказаў ён.

Справядлівасць – умова любові

Папа заўважыў, што згодна з Катэхізісам Каталіцкага Касцёла, справядлівасць – гэта кардынальная цнота, якая дапамагае нам “паважаць правы ўсіх і ўстанаўліваць у чалавечых адносінах гармонію, якая спрыяе бесстароннасці ў адносінах да асоб і агульнага дабра”. Справядлівасць, якая разумеецца такім чынам, з’яўляецца ўмовай любові, бо робіць магчымай еднасць – найвышэйшы плён любові.

Фактар еднасці

“Па гэтай прычыне, справядлівасць, калі яна здзяйсняецца з раўнавагай і вернасцю праўдзе, становіцца адным з самых моцных фактараў адзінства ў супольнасці. Яна не паздзяляе, а ўмацоўвае сувязі, якія яднаюць людзей, і спрыяе будаванню ўзаемнага даверу, які робіць магчымым упарадкаванае суіснаванне”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Калі справядлівасць здзяйсняецца ў цэласнасці і вернасці праўдзе, тады яна становіцца фактарам стабільнасці і даверу ўсярэдзіне грамадства, ствараючы адзінства як натуральнае наступства. Таму працягвайце выконваць гэта служэнне з цэласнасцю, разважлівасцю і евангелічным духам. Няхай справядлівасць заўсёды будзе асветлена праўдай і суправаджаецца міласэрнасцю, якія знаходзяць сваю паўнату ў Хрысце. Так права, якое ўжываецца з дакладнасцю і касцельным духам, будзе каштоўным інструментам для будавання еднасці і ўмацавання адзінства Божага народа”, - завяршыў прамову Святы Айцец.
 

14 сакавіка 2026, 12:34