Кардынал Гуджэроці: дапамагчы Святой Зямлі выжыць
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Традыцыйны збор ахвяраванняў на карысць хрысціянскіх супольнасцей на Блізкім Усходзе адбудзецца ў Вялікую пятніцу. Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў звярнуўся да ўсяго каталіцкага свету з гарачым заклікам праявіць салідарнасць.
У інтэрв'ю журналісту Стэфана Ляшчынскаму з “Vatican News” іерарх падкрэсліў, што бягучая сітуацыя патрабуе асаблівай увагі і адказнасці кожнага верніка.
Кардынал звярнуў увагу на тое, што сучасныя войны знішчаюць усё створанае пасля Другой сусветнай вайны: ад высокіх ідэалаў да бясцэнных гістарычных помнікаў. Прага татальнага кантролю і падпарадкавання іншых сілай з'яўляецца самагубным праектам для чалавецтва. "Для нас, хрысціян, усё гэта з'яўляецца блюзнерствам", - адзначыў прэфект.
Асаблівую занепакоенасць выклікае лёс хрысціянскіх супольнасцей: калі раней вернікі адчувалі, што да іх ставяцца прынамсі з памяркоўнасцю, дык сёння баяцца страціць нават яе. Прыкладам служыць Сірыя, якая за некалькі гадоў страціла 80 працэнтаў сваіх хрысціян. Існуе рэальная пагроза таго, што Святая Зямля, дзе зарадзілася хрысціянства і сфарміравалася літургія, можа цалкам пазбавіцца сваёй хрысціянскай прысутнасці.
У гэтых драматычных абставінах прыярытэтам становіцца ўжо не развіццё звычайных праектаў ці рэстаўрацыя храмаў, як гэта было раней, а элементарнае выжыванне. Сабраныя сродкі пойдуць на выратаванне жыццяў людзей, якія не маюць ні ежы, ні доступу да медыцынскай дапамогі.
Дыкастэрыя плануе прапанаваць Папу Льву XIV накіраваць частку ахвяраванняў на падтрымку адукацыі. Гэта дапаможа сем'ям, якія часта закладваюць свае дамы дзеля навучання дзяцей, застацца на роднай зямлі і захаваць сваю культурную ідэнтычнасць. Веданне таго, што грошы дапамогуць дзецям вярнуцца ў школу, павінна стаць моцным стымулам для ахвярадаўцаў.
На заканчэнне размовы кардынал звярнуў увагу на глыбокі духоўны крызіс сучаснага грамадства. Паводле яго слоў, для многіх людзей месца Бога заняў ідал грошай і асабістага фінансавага поспеху, які і патрабуе "чалавечых ахвяр" у выглядзе войнаў і галечы цэлых народаў.
Каб прачнуцца ад абыякавасці, іерарх прапанаваў кожнаму ўявіць свае пачуцці, калі б на вайну адправілі іх уласных дзяцей. Ён заклікаў падтрымаць тых, хто пакутуе ў месцах, дзе і сёння адчуваецца прысутнасць Езуса Хрыста, каб не дапусціць знішчэння сакраментальнай прыроды Блізкага Усходу.