Пошук

Святая Зямля. Ілюстрацыйнае фота Святая Зямля. Ілюстрацыйнае фота 

Заклік падтрымаць хрысціян Святой Зямлі: збор сродкаў Pro Terra Sancta

Кардынал Клаўдыё Гуджэроці заклікаў вернікаў падтрымаць хрысціян Святой Зямлі, якія працягваюць жыць ва ўмовах канфлікту і маюць патрэбу ў дапамозе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сітуацыя ў Святой Зямлі застаецца складанай. Нягледзячы на шматлікія перамовы і пагадненні аб міры, узброеныя канфлікты працягваюцца. Зброя не змаўкае, людзі гінуць, а зямля застаецца прадметам спрэчак. Мясцовыя хрысціяне ўсё часцей пакідаюць свае дамы, каб выратаваць жыццё. Дзеці застаюцца без адукацыі, таму што не працуюць школы: настаўнікаў не прапускаюць праз кантрольныя пункты. Многія хрысціяне Святой Зямлі страцілі ўсё, уключаючы працу, якая раней была звязаная з абслугоўваннем пілігрымаў.

Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў скіраваў да біскупаў і ўсёй хрысціянскай сям'і ліст, у якім запрасіў прыняць удзел у традыцыйным зборы ахвяраванняў “Pro Terra Sancta”, які пройдзе ў Вялікую пятніцу, 3 красавіка 2025 года. Сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку школ, бальніц і на будаўніцтва жылля там, дзе яно было знішчана. Гэты жэст важны як для хрысціян Святой Зямлі, якія жывуць у небяспецы, так і для тых, хто ахвяруе, таму што “застаючыся інэртнымі ў гэтым палаючым свеце мы становімся саўдзельнікамі тых, хто яго падпальвае”, - нагадаў кардынал Гуджэроці.

Іерарх выказаў упэўненасць, што людзі не застануцца абыякавымі да гэтага закліку. Ён нагадаў словы Папы Льва XIV аб тым, што хрысціянам на Блізкім Усходзе трэба не толькі дапамагаць, але і ствараць умовы, каб яны заставаліся на сваёй зямлі ў бяспецы і з поўнымі правамі.

Кардынал Гуджэроці падкрэсліў, што нават невялікія ахвяраванні – “кропля ў акіяне” – могуць дапамагчы захаваць хрысціянскую прысутнасць у Святой Зямлі і падтрымаць людзей у цяжкіх умовах канфлікту.

16 сакавіка 2026, 12:50