Пошук

“Мястэчка Laudato si'” на тэрыторыі папскіх віл у Кастэль-Гандольфа “Мястэчка Laudato si'” на тэрыторыі папскіх віл у Кастэль-Гандольфа 

Кастэль-Гандольфа: інаўгурацыя экалагічнага “Глабальнага альянсу”

9-10 сакавіка 2026 года ў садах папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа адбудзецца інаўгурацыя “Глабальнага альянсу” – міжнароднай сеткі, якая аб’яднае найлепшыя інтэлектуальныя і духоўныя сілы планеты ў справе абароны экалогіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Глабальны альянс” (Global Alliance) ствараецца па ініцыятыве адукацыйнага цэнтра “Laudato si’”, які з 2023 года дзейнічае ў Кастэль-Гандольфа, і амерыканскага езуіцкага Універсітэта Нотр-Дам з сядзібай у Саўт-Бэндзе, у штаце Індыяна.

Больш за шэсцьдзесят універсітэтаў свету

На сённяшні дзень да праекта далучыліся больш за шэсцьдзесят вышэйшых навучальных устаноў Еўропы, Азіі, Амерыкі і Афрыкі, а таксама шматлікія міжнародныя няўрадавыя арганізацыі, якія дзейнічаюць у сферы барацьбы з кліматычным крызісам.

Дыскусіі аб прасоўванні ўстойлівага развіцця

Двухдзённая сустрэча ў папскіх садах будзе прысвечана дыскусіям, разважанням і абмену вопытам для стварэння комплекснага падыходу да ўстойлівага развіцця, заснаванага на прынцыпах энцыклікі Папы Францішка “Laudato si’” і сацыяльнага вучэння Касцёла.

“Глабальны альянс”

“Глабальны альянс” быў створаны з мэтай аб’яднання ўніверсітэтаў, даследчых цэнтраў, арганізацый і ўстаноў, якія займаюцца прасоўваннем устойлівых практык, дзеля ўмацавання сінергіі паміж даследаваннямі, адукацыяй і грамадскімі дзеяннямі.

Сетка мае намер стварыць агульную інфраструктуру, здольную ўмацаваць глабальны ўплыў інтэгральнай экалогіі, аб’ядноўваючы веру, навуку і сацыяльную справядлівасць, каб супрацьдзейнічаць пагаршэнню стану навакольнага асяроддзя, няроўнасці і экалагічнай несправядлівасці.

Сярод чаканых вынікаў праекта: стварэнне глабальнай сеткі ўстаноў, тэматычных груп для распрацоўкі праграм даследаванняў і навучальных матэрыялаў, а таксама павышэнне бачнасці і ўкладу католікаў у міжнародную дыскусію па пытаннях устойлівага развіцця.

Шлях надзеі

“Глабальны альянс” быў створаны як агульны шлях надзеі: аб’яднаць навуку, супольнасці і веру дзеля захавання стварэння, абароны найбольш уразлівых і сумеснага будавання ўстойлівай і справядлівай будучыні, у якой будзе паважацца кожны чалавек”, - сказаў кардынал Фабіа Баджа, адзін з ініцыятараў міжнароднага экалагічнага праекта.
 

07 сакавіка 2026, 09:59