Кастэль-Гандольфа: інаўгурацыя экалагічнага “Глабальнага альянсу”
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Глабальны альянс” (Global Alliance) ствараецца па ініцыятыве адукацыйнага цэнтра “Laudato si’”, які з 2023 года дзейнічае ў Кастэль-Гандольфа, і амерыканскага езуіцкага Універсітэта Нотр-Дам з сядзібай у Саўт-Бэндзе, у штаце Індыяна.
Больш за шэсцьдзесят універсітэтаў свету
На сённяшні дзень да праекта далучыліся больш за шэсцьдзесят вышэйшых навучальных устаноў Еўропы, Азіі, Амерыкі і Афрыкі, а таксама шматлікія міжнародныя няўрадавыя арганізацыі, якія дзейнічаюць у сферы барацьбы з кліматычным крызісам.
Дыскусіі аб прасоўванні ўстойлівага развіцця
Двухдзённая сустрэча ў папскіх садах будзе прысвечана дыскусіям, разважанням і абмену вопытам для стварэння комплекснага падыходу да ўстойлівага развіцця, заснаванага на прынцыпах энцыклікі Папы Францішка “Laudato si’” і сацыяльнага вучэння Касцёла.
“Глабальны альянс”
“Глабальны альянс” быў створаны з мэтай аб’яднання ўніверсітэтаў, даследчых цэнтраў, арганізацый і ўстаноў, якія займаюцца прасоўваннем устойлівых практык, дзеля ўмацавання сінергіі паміж даследаваннямі, адукацыяй і грамадскімі дзеяннямі.
Сетка мае намер стварыць агульную інфраструктуру, здольную ўмацаваць глабальны ўплыў інтэгральнай экалогіі, аб’ядноўваючы веру, навуку і сацыяльную справядлівасць, каб супрацьдзейнічаць пагаршэнню стану навакольнага асяроддзя, няроўнасці і экалагічнай несправядлівасці.
Сярод чаканых вынікаў праекта: стварэнне глабальнай сеткі ўстаноў, тэматычных груп для распрацоўкі праграм даследаванняў і навучальных матэрыялаў, а таксама павышэнне бачнасці і ўкладу католікаў у міжнародную дыскусію па пытаннях устойлівага развіцця.
Шлях надзеі
“Глабальны альянс” быў створаны як агульны шлях надзеі: аб’яднаць навуку, супольнасці і веру дзеля захавання стварэння, абароны найбольш уразлівых і сумеснага будавання ўстойлівай і справядлівай будучыні, у якой будзе паважацца кожны чалавек”, - сказаў кардынал Фабіа Баджа, адзін з ініцыятараў міжнароднага экалагічнага праекта.