Пошук

Кардынал П'етра Паралін падчас святой Імшы ў Валеце Кардынал П'етра Паралін падчас святой Імшы ў Валеце  (© Archdiocese of Malta)

Кардынал Паралін: Мальта – мост паміж культурамі і голас міру

Кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін здзейсніў афіцыйны візіт на Мальту. Падарожжа праходзіла з 31 студзеня па 1 лютага 2026 года і было прымеркавана да 60-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і гэтай краінай.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У рамках візіту найбліжэйшы супрацоўнік Папы сустрэўся з прэзідэнтам Мальты Мірыям Спітэры Дэбона і спікерам парламента Анджэла Фаруджа, прыняў удзел у цырымоніі з нагоды 60-годдзя дыпламатычных адносін і паразмаўляў з мясцовым епіскапатам. У апошні дзень падарожжа іерарх цэлебраваў святую Імшу ў конкатэдры святога Яна ў Валеце.

Надзейнасць і вернасць – крыніцы аўтарытэту

У гаміліі кардынал Паралін спаслаўся на апавяданне з Дзеяў Апосталаў пра падарожжа апостала Паўла ў Рым, падчас якога ў выніку караблекрушэння ён апынуўся на Мальце. Святы Павел быў вязнем, але ў гадзіны буры стаў тым, хто прамаўляў з аўтарытэтам і змог усяліць надзею, абвяшчаючы, што ніхто не загіне, таму што Бог верны, - нагадаў іерарх. Ён падкрэсліў, што сапраўдны аўтарытэт нараджаецца не дзякуючы статусу, моцы ці ўладзе, а надзейнасці, адказнасці за іншых і вернасці ў моманты выпрабаванняў.

Гасціннасць мальтыйскага народа

Кардынал Паралін згадаў таксама пра гасціннасць мальтыйцаў. “Ад самага пачатку хрысціянская гісторыя Мальты была пазначана здольнасцю прымаць іншых, ператвараць небяспеку ў сустрэчу, а страх – у адносіны”, - сказаў ён, заўважаючы, што святы Павел прыбыў на востраў як чужынец, а пакінуў яго як сапраўдны бацька ў веры.

Пакліканне Касцёла ў міжнароднай супольнасці

“Мора, якое прывяло святога Паўла на Мальту, не адрозніваецца ад мора гісторыі”, па якім народы плывуць сёння сярод войнаў, вымушаных перасяленняў, сацыяльнай фрагментацыі і страху перад будучыняй, - адзначыў кардынал Паралін, падкрэсліваючы, што ў такой сітуацыі існуе “спакуса шукаць бяспеку праз сілу або ўцякаць ад адказнасці”, але апостал паказвае іншы шлях – заставацца ўважлівым, умець слухаць і гаварыць у патрэбны момант, нагадваючы пра каштоўнасць кожнага жыцця і пра Божы Провід.

“Гэта таксама пакліканне Касцёла ў міжнароднай супольнасці”, - сказаў ватыканскі іерарх, адзначаючы, што “Святы Пасад не прэтэндуе на тое, каб суцішыць усякую буру”, але імкнецца “з пакорай і настойлівасцю падтрымліваць перакананне ў тым, што ніхто не павінен быць згублены, што мір магчымы і што дыялог ніколі не бывае марным”.

Дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Мальтай

Па словах кардынала Параліна, дыпламатычныя адносіны паміж Мальтай і Святым Пасадам паказваюць, як Касцёл і дзяржава могуць плённа супрацоўнічаць дзеля агульнага дабра, паважаючы ўзаемную аўтаномію. Ён адзначыў, што гэтыя адносіны не з’яўляюцца “самамэтай, а прыладай еднасці, якая дазваляе Касцёлу выконваць сваю місію, а дзяржаве – служыць сваім грамадзянам дзеля іх найвышэйшага дабра”.

Спадчына апостала Паўла для Мальты

Дзяржсакратар пажадаў, каб памяць пра прысутнасць апостала Паўла на Мальце натхняла гэту краіну заставацца месцам гасціннасці, мастом паміж культурамі, голасам міру, які мае свае карані ў веры. “Браты і сёстры, караблекрушэнне святога Паўла вучыць нас, што Божыя планы не разбураюцца бурамі, але часта праяўляюцца праз іх. Калі вера моцная, калі праяўляецца гасціннасць, калі бярэцца адказнасць, мора не мае апошняга слова”, - запэўніў найбліжэйшы супрацоўнік Папы.
 

02 лютага 2026, 10:06