Пошук

Presentazione della Giornata Mondiale dei Bambini

Святы Айцец змяніў арганізатараў Сусветнага дня дзяцей

Леў XIV ліквідаваў Папскі камітэт па Сусветным дні дзяцей. Падрыхтоўкай форума будзе займацца Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Адпаведны хірограф быў апублікаваны 13 лютага 2026 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Камітэт быў створаны ў 2024 годзе для арганізацыі і каардынацыі правядзення Сусветнага дня дзяцей. У жніўні 2025 года Леў XIV уключыў гэту структуру ў склад Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. У адпаведнасці з новым распараджэннем Святога Айца, вышэйзгаданы камітэт быў цалкам скасаваны. Яго ўстаноўчыя дакументы, статут і акты, прынятыя да гэтага часу, губляюць юрыдычную сілу, а кіраўніцтва і члены структуры неадкладна спыняюць выкананне сваіх абавязкаў.

Адказнасць за падрыхтоўку і каардынацыю Сусветных дзён дзяцей Пантыфік перадаў Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця на чале з кардыналам Кевінам Фарэлам. Бліжэйшы форум адбудзецца з 25 па 27 верасня 2026 года ў Рыме.

У хірографе Леў XIV патлумачыў, што рашэнне з’яўляецца працягам працэсу, распачатага яго жнівеньскім рэскрыптам. Яно было прынята пасля адпаведных кансультацый для “далейшага спрыяння сінергіі і больш эфектыўнай працы па рэалізацыі гэтай высакароднай ініцыятывы”.

Першы Сусветны дзень дзяцей прайшоў 25 мая 2024 года на Алімпійскім стадыёне ў Рыме ў прысутнасці Папы Францішка і пры ўдзеле больш чым 50 тысяч дзяцей і падлеткаў з розных краін свету. У форуме брала ўдзел таксама вялікая дэлегацыя з Беларусі.
 

14 лютага 2026, 09:56